26 снежня 2024, Чацвер, 7:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самагубства праваабаронцы: Бураўцоў, Пугачоў і Якубовіч маўчаць

15

Судзьдзя Аляксандар Бураўцоў, які вынес прысуд Яне Паляковай, міліцыянт Віктар Пугачоў, і рэдакцыя «Советской Белоруссии» адмаўляюцца камэнтаваць самагубства праваабаронцы.

Сьмерць праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай, асуджанай на 2,5 года «хіміі» нібыта за паклёп на міліцыянта, выклікала смутак і жаль у тых, хто яе ведаў, хто зьвяртаўся да яе па юрыдычную дапамогу, тых, хто, як і яна, займаецца абаронай правоў пакрыўджаных. Тыя, хто пакрыўдзіў саму Палякову, пакуль маўчаць.

Яну Палякову знайшлі ў пятлі ў яе кватэры ў Салігорску ў ноч на 7 сакавіка. На мінулым тыдні судзьдзя Аляксандар Бураўцоў прызнаў Палякову вінаватай у паклёпе на міліцыянта Віктара Пугачова і прысудзіў ёй 2,5 года так званай «хіміі» і вялікі штраф. Яе скарга ў пракуратуру на міліцыянта Пугачова аб тым, што той нібыта яе зьбіў, была ацэненая судом як заведама ілжывы данос. Яна Палякова мела праблемы зь міліцыяй за сваю праваабарончую дзейнасьць і за ўдзел у мінулай выбарчай кампаніі на карысьць апазыцыйнай кандыдаткі ў «палату прадстаўнікоў» Вольгі Казулінай. У мінулую пятніцу ў «Советской Белоруссии» пра Яну Палякову выйшаў зьдзеклівы артыкул.

Ні судзьдзя Аляксандар Бураўцоў, ні адстаўны міліцыянт Віктар Пугачоў, ні рэдакцыя «Советской Белоруссии» не пагадзіліся пракамэнтаваць сытуацыю, перадае «Радыё Свабода».

Сёньня ўСалігорску адбылося пахаваньне праваабаронцы. Сярод тых, хто прыйшоў разьвітацца зь Яная Паляковай, былі людзі, якім яна дапамагала як юрыст. У Мікалая Лебедзя згвалтавалі і забілі 16-гадовую дачку. Паводле ягоных слоў, Яна Палякова выкрыла шмат фактаў і фальсыфікацыяў у гэтай справе.

«Я ўспрыняў сьмерць Яны Паляковай з жалем і абурэньнем. Мне зразумела, хто за гэтым стаіць», - кажа Мікалай Лебедзь.

Марыя Бут-Гусаім зьвярталася па дапамогу да Яны Паляковай, каб давесьці, што ейнага мужа непраўдзіва асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне.

«Вельмі цяжка ўспрымаць тое, што зь ёю адбылося, што вельмі малады і вельмі добры чалавек пайшоў з жыцьця... Хутчэй за ўсё, ёй «дапамаглі» ў гэтым. Ёй, напэўна, ужо так дасталося, што яна болей не магла, і яе падштурхнулі да гэтага», - лічыць жанчна.

Чатыры гады таму Яна Палякова бясплатна дапамагла Лідзіі Бурляковай адсудзіць кватэру ў Салігорску, пісала заявы, зьбірала патрэбную інфармацыю. Яна была вельмі спагадлівым і прыстойным чалавекам, кажа Лідзія Бурлякова.

«Я ў шоку ад таго, што адбылося. Я двое сутак ужо ня сплю. Калі прыйшла да мяне яе мама і сказала, то я не паверыла. Чаму гэта адбылося? Бо няправільная абстаноўка ў горадзе. Можа, артыкул у «Советской Белоруссии», які выйшаў у пятніцу, паўзьдзейнічаў на яе», - мяркуе колішняя кліентка праваабаронцы.

Жыхарка Салігорску Ларыса Насановіч кажа, што людзі ў горадзе абураныя, абвінавачваюць уладу, міліцыю і пракуратуру.

«Усе сыходзяцца на думцы, што ў любым выпадку прысуд занадта жорсткі быў», - перакананая яна.

Менскі праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што за заўчасную сьмерць Яны Паляковай адказныя і ўлады, і грамадзтва.

«Тое, што адбылося, — гэта проста жахліва. Гэта нагадала мне нейкія савецкія часы, калі дзяржаўная сыстэма ўсёй сваёй моцай цісьне нейкага аднаго слабога маленькага чалавека», - зазначае юрыст.

Спадар Стэфановіч падкрэсьлівае, што, зь іншага боку, ёсьць тут ёсьць і віна незалежнага грамадзтва, якое гэтай справе не надало належнай увагі.

«Гэта вельмі паказальны выпадак, пра які трэба ўсім задумацца ў нашым грамадзтве. Мы шмат гадоў назіраем такія зьнішчэньні людзей, не фізычныя, а маральныя. Але гэтыя маральныя зьнішчэньні часам прыводзяць да такіх сумных выпадкаў. Тут можна згадаць і апошнія публікацыі па хлопцах, якіх у войска пазабіралі, у той сама «Советской Белоруссии», і сюжэты па дзяржаўным тэлебачаньні, усе гэтыя кпіны ў матэрыяльчыках, якія яны кляпаюць, не ўдаючыся ў сутнасьць праблемы. Ня ўсе ж гэта вытрымліваюць. Чалавеку шмат ня трэба. Гэта цкаваньне людзей у савецкіх традыцыях. Яны дзейнічаюць у духу халоднай грамадзянскай вайны», - кажа ён.

Пракуратура Салігорскага раёну Менскай вобласьці праводзіць праверку па факце самагубства Яны Паляковай і камэнтаваць сытуацыю таксама адмаўляецца.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках