25 снежня 2024, Серада, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Салігорскім шахцёрам скарацілі зарплаты ў 3 разы

25

Шахцёры Салігорска заяўляюць, што іх зарплаты ў параўнанні з мінулым годам значна зменшыліся.

Як паведамляе «Радыё Свабода», адміністрацыя «Беларуськалія» запатрабавала ад прафсаюзаў заключэння калектыўнай дамовы толькі на адзін год. Ранейшыя дамовы, пачынаючы з 1993 года, дзейнічалі тры гады.

«Так, перамовы сапраўды пачаліся. Але да згоды пакуль не прыйшлі. З боку адміністрацыі закон быццам бы не парушаецца, бо калектыўная дамова можа быць заключаная на тэрмін ад аднаго года да трох гадоў. Не ведаю, да чаго мы можам прыйсці, таму што прайшоў толькі першы этап перамоваў», -- паведаміў старшыня незалежнага прафсаюза гарнякоў Іван Пермінаў.

Тым часам у Салігорску з-за беспрацоўя адна за другой спыняюцца тры абагачальныя фабрыкі. У красавіку практычна не адбываецца адгрузка мінеральных угнаенняў на экспарт. Вычарпала свае планавыя фонды і сельская гаспадарка Беларусі. Шахцёры застаюцца без працы. Пра сённяшнюю зарплату працоўных «Беларуськалія» распавяла жонка аднаго з шахцёраў Галіна Казлоўская.

«Муж, як і іншыя, стаў атрымліваць дзве траціны ад свайго тарыфу. Заробак знізіўся ў тры разы ў параўнанні з ранейшым. Цяпер нашыя шахцёры ходзяць на працу толькі для таго, каб нейкім чынам падтрымліваць у гатоўнасці рудні», - кажа жанчына.

Крызіс, які перажывае адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны, адмоўна адбіваецца і на салігорскім гандлі.

«Вельмі ўплывае крызіс! Усе нашыя прадпрымальнікі скардзяцца, што знізілася грашовая выручка. На рынках ужо шмат якія гандлёвыя месцы прадаюцца. Некаторыя прадаюць свае павільёны за палову кошта. Але прадаць ужо не могуць», - распавядае мясцовы прадпрымальнік Аляксандр Цацура.

Супрацоўніца салігорскага аддзялення «Беларусбанка» Кацярына Сабалеўская паведаміла, што ў насельніцтва ўзнікаюць праблемы з выплатай раней узятых крэдытаў. Паводле яе словаў, сем'і шахцёраў зараз павінны эканоміць на пабытавых выдатках, каб назапасіць грошай на пагашэнне запазычанасцяў перад банкам.

«Відавочна, што зараз людзі эканомяць грошы, бо заробкі ж мізэрныя», — сказала Кацярына Сабалеўская.

Падобна, Салігорск надоўга патрапіў у «пастку» крызісу.

«Няма нічога пэўнага нават на найбліжэйшую будучыню. Усе сацыяльныя выплаты і фінансавыя гарантыі залежаць ад эканомікі...», - адзначае лідэр незалежнага прафсаюза гарнякоў Іван Пермінаў.

Паводле яго словаў, незалежны прафсаюз гарнякоў можа дапамагчы вырашыць праблему крызісу на вытворчым аб'яднанні «Беларуськалій» толькі з дапамогай калектыўнай дамовы.

«Гэта самы дзейсны дакумент. Ён, дарэчы, цяпер выконваецца. Магчыма, не цалкам. Але нельга сказаць, што калектыўная дамова не выконваецца ў гэты момант», - кажа прафсаюзны лідэр.

Калектыўная дамова забараняе адміністрацыі звальняць шахцёраў. Выконваецца таксама пункт, які забараняе пазбаўляць працоўных прэміяў. У шахцёраў ёсць гарантыя на выплату ўзнагароды за выслугу гадоў, захоўваецца матэрыяльная дапамога на аздараўленне.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках