Адмоўлена ў рэгістрацыі Партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя
2- 16.04.2009, 8:46
Улады адмаўляюцца выконваць асноўныя правы чалавека - апазіцыйнай партыі адмоўлена ў рэгістрацыі.
Аб адмове ў рэгістрацыі сказана ў лісце з Міністэрства юстыцыі Беларусі. Прычыны адмовы будуць агучаныя на прэс-канферэнцыі 16 красавіка ў менскай штаб-кватэры Партыі БНФ, паведаміў сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Устаноўчы з'езд БХД прайшоў 28 лютага. На ім прысутнічала 211 дэлегатаў. Па выніках выбараў сустаршынямі партыі сталі Георгій Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец і Аляксей Шэін.
«БХД — гэта не апазіцыя, а альтэрнатыва таму, што зараз адбываецца ў Беларусі. Шматлікія кажуць і разумеюць, што так, як сёння, жыць нельга, і мы імкнемся паказаць, што можна жыць лепш, калі ты выконваеш запаветы, якія закладзеныя ў Бібліі: не ілжэш, не крадзеш, верыш і любіш», — заявіў на з'ездзе П.Севярынец.
Дакументы на рэгістрацыю былі пададзеныя ў Мінюст 12 сакавіка.
7 красавіка П.Севярынец паведаміў БелаПАН аб ціску мясцовых улад на дэлегатаў устаноўчага з'езду і «даволі дзіўных лістах», якія атрымалі не менш за дзесяць дэлегатаў з Мінюста. «Міністэрства юстыцыі, мусіць, не знайшло падставаў для нерэгістрацыі БХД, таму чыноўнікі вырашылі заблытаць людзей, паколькі ў кожным лісце парадку дзесяці пытанняў, якія канцэнтруюцца на дэталях. Зразумела, што шматлікія могуць заблытацца — і іх хочуць «падлавіць» пісьмова», — заявіў П.Севярынец.