24 снежня 2024, aўторак, 20:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Дашкевіч: Хутка на акцыю салідарнасці выйдуць тысячы людзей, якіх ужо не разгоніш

4

Аляксандр Лукашэнка разганяе мірныя акцыі пратэсту, таму што баіцца, што ў адваротным выпадку колькасць дэманстрантаў будзе імкліва расці, лічыць лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч.

Пра гэта палітык заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

«Для мяне відавочна, што Лукашэнка разгонамі мірных акцыяў спрабуе прадэманстраваць, хто ў хаце гаспадар. І таму ў дзень прыезду ў краіну такога еўрапейскага палітыка, як кіраўніка МЗС Чэхіі Карэла Шварцэнберга, ён разганяе мірную акцыю салідарнасці з палітвязнямі і гвалтоўна зніклымі», - кажа Зміцер Дашкевіч.

Разгоны мірных дэманстрацыяў ужываюцца таксама з мэтай запалохвання беларусаў, падкрэслівае лідэр «Маладога Фронту».

«З іншага боку, Лукашэнка разумее: калі сёння не разагнаць акцыю пратэсту, на якую выйшла сто чалавек, дык заўтра на падобную дэманстрацыю выйдзе тысяча, а паслязаўтра – дзесяць тысячаў, якіх ужо не разгоніш. Таму перад сілавымі структурамі стаіць задача разганяць людзей, каб іншыя баяліся выходзіць на плошчу і выказаць сваю салідарнасць з пацярпелымі ад рэпрэсіяў», - адзначыў ён.

«Наколькі такая палітыка дапаможа рэжыму, пакажа час, але я асабіста ў такой дапамозе сумняюся. «Дыялог» з Захадам не будзе працягвацца вечна. Усё гэта абрынецца, калі Еўразвяз высуне канкрэтныя ўмовы», - лічыць Зміцер Дашкевіч.

Нагадаем, 16 красавіка, у Менску была жорстка разагнаная мірная акцыя салідарнасці з палітвязнямі і зніклымі апазіцыянерамі. Людзі, якія вышлі на Кастрычніцкую плошчу, былі збітыя супрацоўнікамі АМАПа.

Учора ж, у Дзень салідарнасці, у Менск прыехаў Карэл Шварцэнберг - міністр замежных справаў Чэхіі, якая сёлета старшынюе ў Еўразвязе.

На дадзены момант запланаваныя перамовы еўрапейскага палітыка з беларускімі ўладамі, а таксама сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і амбасадарамі краінаў Еўразвяза ў Менску. Падчас візіту Карэла Шварцэнберга будзе абмяркоўвацца пытанне ўдзелу Беларусі ў праграме «Усходняе партнёрства».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках