24 лiстапада 2024, Нядзеля, 0:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Франак Вячорка: «Начальнік называе салдатаў камікадзэ»

15

Гвалтоўна забраны ў войска актывіст Моладзі БНФ Франак Вячорка расказвае, як беларускія салдаты мерзнуць па начох, а раніцай ім даюць сагрэцца падчас зарадкі.

Пра свае новыя прыгоды ў войску Франак Вячорка расказвае ў сваім армейскім дзенніку на сайце «Беларускія навіны».

6 красавіка. Мы — камікадзэ

Калі мяне везьлі ў войска, я цешыў сябе думкай, што хоць навучуся страляць. Зь мінамёта, Макарава ці хаця б з Калаша. Страляць — справа няпростая, і, як паказвае досьвед, можа прыдацца. За тры месяцы я пастраляў аднойчы і то расшчодрыліся ўсяго на тры патроны. Такая сьпецыфіка нашага роду войскаў…

«Вы — камікадзэ! — падбадзёрыў нас начальнік. — Пры паветраным налёце першымі зьнішчаюцца радыётэхнічныя войскі. Пры атацы з Украіны вас ня будзе праз 15 хвілінаў. Мы нават не пасьпеем засекчы ракету».

Падбадзёрыў дык падбадзёрыў! Паўстае карціна бамбёжак, як нашая тэхніка зь лякатарамі разрываецца на аскепкі…

Аднойчы мне падалося, што мы служым не ў войску, а гуляем у гульню. У гульню для дарослых. Мы падфарбоўваем рухавік і падчышчаем фільтры машынам, якія калі-небудзь паедуць. Мы хаваемся, нацягваем маскіровачную сець на лякатары, хаця іх і дома гаспадыня разгледзіць на спадарожнікавай мапе праз Google Earth. І ўрэшце рэшт нашыя лякатары ледзь што бачаць, не кажучы пра іх дакладнасьць. Але гэтым ніхто не пераймаецца. Галоўнае — каб круціліся.

У гэтай гульні — усё, нібы насамрэч. Чатырохразовыя разводы, камендатура і гатоўнасьць нумар адзін... Ваенная тэхніка, як і цацкі, пастаянна ламаецца. І мы яе пастаянна рамантуем.

Галоўны прыз у гэтай жорсткай гульні — дзембель.

8 красавіка. Зарадка

Пачатак дня. Сонца заліваецца вогненнай чырваньню. Насычана блакітнае неба сьлепіць вочы. Ранішні вецер працінае да дрыжыкаў. Над Мазыром стаіць туман. І толькі асобныя будынкі, як тыя вежы замка, прабіваюцца з-пад малочнага покрыва застаялага паветра.

Салдацкі дзень пачынаецца з зарадкі. Мы прабягаем дзесяць колаў вакол пляцу, пасьля шыхтуемся ў дзьве шарэнгі, разьмінаем цягліцы рук, ног, шыі. Робім так званую салдацкую спружыну — нахіляем тулава перад сабой, спрабуючы дастаць ступняў, і прысядаем.

Некаторыя сяржанты любяць павычварацца — з адцісканьннямі на лік. Прымаеш упор лежачы, згінаеш локці па камандзе раз, два альбо — напалову — паўтара. Пасьля кожнай каманды сьледуе працяглая паўза... На дзясяты раз ты ўжо ніякі. Пасьля тых адцісканьняў на даланях застаецца ўзор халоднага асфальту.

На завяршэньне — падцягваньне на перакладзіне, пад’ём тулава на брусах.

Калі зарадка закончылася, сонца ўжо прыняло свой звычайны залацісты воблік. Туман паціху рассмактаўся. Навакольле запоўнілася птушыным сьпевам. Да нас паціху падкралася вясна…

12 красавіка. Летні рэжым

У арміі адсутнічае здаровы сэнс. Гэтым разам пацярпелі простыя салдаты.

Выйшаў загад аб пераходзе на летні рэжым. Нехта вырашыў, што лета наступае менавіта сёньня. Нас пераадзелі ў летнюю форму, зімовыя шапкі памянялі на кепкі, выдалі майткі і майкі. Пад кіраўніцтвам старшыны расклеілі ўсе вокны, паздымалі ўцяпляльны матэрыял.

Ноччу мерзьлі як цуцыкі. З усіх шчылінаў дзьмула, нібыта мы былі не ў казарме, а на Кольскім паўвостраве. Чуўся толькі лязгат зубамі… Бралі па дзьве-тры коўдры, накрываліся бушлатамі, некаторыя спалі ў вопратцы. Засыналі з адной думкай: хутчэй бы гэта ўсё закончылася.

13 красавіка. Сустрэча з Жалезьнічэнкам

На выходных прыяжджалі мама, Саша Клімовіч і Андрусь Крэчка з «Моладзі БНФ», мой былы ліцэйскі выкладчык Аляксей Крукоўскі і — самае нечаканае — Зьміцер Жалезьнічэнка.

Зьмітру ўсё-ткі далі дзесяцідзённы адпачынак. Ужо больш за год ён служыць у чыгуначных войсках у Жлобіне, так і не прыняўшы ваеннай прысягі. Зьміцер быў адлічаны з унівэрсытэту і, падобна мне, гвалтоўна прызваны «защищать родину». Зьміцер — «дзед», я — «дух». Ён адразу зрабіў мне заўвагу: чаму боты не начышчаныя як сьлед? Я пасьпяшаўся выправіць недахоп.

Мне далі дзённае звальненьне. Мы ўсе пайшлі ў кавярню. Сьмяяліся, жартавалі. Абмяркоўвалі службу, ваенную тэхніку, мой дзёньнік. Зьміцер не прыняў «дзедаўшчыны» і стараецца як толькі можа дапамагаць маладым салдатам. Чытае. Вучыць кніжкі па сьпецыяльнасьці — жадае стаць праграмістам. Рыхтуецца да «грамадзянкі»…

Мы пагадзіліся, што тэрміновая служба з усімі яе «тяготами и лишениями» нічога асаблівага чалавеку не дае. Гэта няйнакш як страчаныя гады. Мусіць быць прынамсі выбар.

Потым мы падняліся на Мазырскае замчышча. Пару год таму тут узьвялі драўляную копію сярэдневечнага замка — з музэем, званіцай, агляднай пляцоўкай і карчмой. Зь вежы адкрываецца краявід на Мазыр. Разьлітая Прыпяць падзяліла прастору на маленькія выспачкі. За ракой — узгорысты лясны масіў... Нездарма мазырскі край называюць «беларускай швейцарыяй».

Мы сфоткаліся. Ля замкавай сьцяны стаяла гіганцкая шахавая дошка зь вялізнымі драўлянымі фігурамі. Згулялі бліц-партыю. Зьміцер мяне абыграў. «Вучыся, салдат! — сказаў ён мне на разьвітаньне і працягнуў пакунак з гарбатай, печывам, лімонам і згушчонкай. Гэта падарунак на дзень народзінаў!»

Зьміцер паехаў. А мы працягнулі шпацыр па гэтым выбітным горадзе.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках