У Полацку забараняюць акцыі з патрабаваннем знесці помнікі Леніну
- 20.04.2009, 15:56
Пікет са зборам подпісаў за знос двух помнікаў Леніну ў Полацку забаранілі мясцовыя ўлады.
Як перадае «Радыё Свабода», актывісты апазіцыі Полацку планавалі правесці пікет 23 красавіка. У адказ на іх заяўку з гарвыканкама прыйшла адмова.
Па словах актывіста партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя і кампаніі «Маладая Беларусь» Алеся Круткіна, намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалай Іллюшонак напісаў, што пікет «можа ўскладніць грамадскую бяспеку» на плошчы каля кінатэатра «Радзіма». Таму што менавіта ў той дзень нібыта ў кінатэатры запланаваны прагляд фільмаў для моладзі аб Чарнобыльскай катастрофе.
Алесь Круткін заяўляе, што гэта ўжо другі выпадак, калі гарадскія ўлады не дазваляюць праводзіць акцыі ў месцы, якое самі ж адвялі для такіх мэт.
Нягледзячы на тое, што ўлады забаранілі пікет, полацкая апазіцыя працягвае збіраць подпісы за дэмантаж помніка Леніну каля чыгуначнага вакзалу і ў парку на праспекце Карла Маркса. Ужо сабраныя некалькі сотняў подпісаў, якія ў наступным актывісты збіраюцца перадаць у гарвыканкам.