2 студзеня 2026, Пятніца, 19:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ялфімаў пагадзіўся на нумар «з крыламі»: яму ўжо ўсё роўна, ён гатовы спяваць хоць пад вадой

22

Беларускі спявак Пётр Ялфімаў пагадзіўся ўдзельнічаць у шоў польскага рэжысёра Януша Юзэфовіча, якое прадставіць музыка на «Еўрабачанні».

Рэжысёр прыедзе ў Менск і канчаткова вызначыцца з нумарам на песню музыкі. «Мы новага праекту Юзэфовіча не бачылі», - сказала ў інтэрв'ю «Еўрарадыё» дырэктар музыкі Таццяна Касмачова.

Пры ўсім негатыўным стаўленні да прапанаванай Янушам Юзэфовічам шоў-праграме на песню Пятра Ялфімава, і спявак і яго прадзюсар сцвярджаюць, што супраць польскага рэжысёра яны нічога не маюць.

«Мы нічога не маем супраць Юзэфовіча. Проста людзі павінныя супадаць у сваіх творчых пазіцыях. Асабліва, калі Ялфімаў з'яўляецца не толькі выканаўцам, але і аўтарам песні», - сказала Таццяна Касмачова.

Дырэктар музыкі сцвярджае, што ў іх ёсць свая ідэя з нагоды таго, якім павіннае быць шоў на песню Пятра Ялфімава. Але падрыхтаваць нумар за некалькі дзён, якія засталіся да «Еўрабачання», немагчыма. Таму, як заяўляе Таццяна Касмачова, прыйдзецца ехаць у Маскву з тым, на чым настойвае Аляксандр Ціхановіч і што прапаноўвае Януш Юзэфовіч.

«Мы прынялі такую пазіцыю: калі ў нашай краіне лічаць, што гэта добра і галоўным крытэрам з'яўляецца меркаванне Ціхановіча - хай гэта так і будзе! Ялфімаў выйдзе і заспявае нават пад вадой! І зробіць гэта годна. Нам сорамна не будзе, сорамна будзе іншым», - сказала Таццяна Касмачова.

Раней Пётр Ялфімаў катэгарычна адмаўляўся ад нумара, пастаўленага Юзэфовічам.

«Я не выйду ў такім выглядзе на сцэну, таму што буду падобны альбо на белай варону, альбо на Бэтмана…» - растлумачыў Пётр Ялфімаў, распавёўшы, што акрамя крылаў рэжысёр прапанаваў надзець яму на сябе балахон з капюшонам.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках