25 снежня 2024, Серада, 16:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Багданкевіч: «Мы знаходзімся на грані фолу і дэвальвацыі»

55

Чыстыя залатавалютныя рэзэрвы Беларусі складаюць 2,4 мільярда даляраў, а дэфіцыт гандлёвага балянсу толькі за першы квартал - 2,6 мільярда.

Калі ўсё аплаціць, то рэзэрваў у краіны не застанецца, лічаць незалежныя экспэрты.

29 красавіка ў Менск прыбывае чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду ў справе выдзяленьня Беларусі чарговай траншы стабілізацыйнага крэдыту. Яна будзе працаваць да 13 траўня. Нагадаем, 12 студзеня гэтага года МВФ ухваліў выдзяленьне Беларусі крэдыту ў памеры 2,46 мільярда даляраў пад рэалізацыю разьлічанай на 15 месяцаў праграмы рэформаў. Першую траншу гэтага крэдыту амаль у 800 мільёнаў даляраў афіцыйны Менск атрымаў у студзені, пасьля 20%-й дэвальвацыі беларускага рубля. Навошта ж Беларусь павялічвае пазыкі? Пра гэта у інтэрв’ю «Радыё Свабода» распавёў экс-старшыня Нацбанку Беларусі, прафэсар Станіслаў Багданкевіч.

Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі павінны складаць каля 10 мільярдаў даляраў. Паводле прадстаўнікоў Нацбанку, ставілася задача сёлета да канца года выйсьці на ўзровень хіба што 6-7 мільярдаў даляраў. Аднак насамрэч чыстыя рэзэрвы Беларусі складваюць 2,4 мільярда, а калі аплаціць усе пазыкі – то будзе нуль, кажа Станіслаў Багданкевіч.

«Гэта мінімум – 10 мільярдаў. Насамрэч на 1-е красавіка ў нас налічвалася 4 мільярды. Але чыстыя рэзэрвы складаюць 2,4 мільярда. Справа ў тым, што ў Нацбанку ёсьць рэзэрвы 4 мільярды, а ў камэрцыйных банкаў – мінус 1,6 мільярда. То бок там крэдыты атрыманы з-за межаў краіны, валюта прададзена Нацбанку. Атрымалі рублі камэрцыйныя банкі і пракрэдытавалі эканоміку. А Нацбанк залічыў гэтыя грошы ў рэзэрв. То бок рэзэрву надзвычай мала. У нас 2,6 мільярда дэфіцыт гандлёвага балянсу за першы квартал, а чыстыя рэзэрвы 2,4 мільярда. Калі ўсё аплаціць, то рэзэрваў у нас будзе 0,0. Проста мы не плацім, карыстаючыся тым, што пакуль на скандал Расея не ідзе», - заўважае экспэрт.

Становішча з золатавалютнымі рэзэрвамі не выправілася, нягледзячы на шматлікія ўзятыя пазыкі. Для эканомікі краіны так сытуацыя з рэзэрвамі азначае нестабільнасьць гандлю.

«Калі не будуць у доўг пастаўляць газ, то мы яго не будзем мець, калі не будуць у доўг пастаўляць нафту, то не будзе з чаго вырабляць нафтапрадукты. Імпарт увесь спыніцца. Бо ў нас жа імпартнае мыта павялічана на 30%, каб абмежаваць імпарт і абмежаваць дэфіцыт гандлёвага балянсу. Ну што гэта азначае? Гэта азначае крызіс. Мы знаходзімся на грані фолу. На грані чарговай дэвальвацыі. Лукашэнка, магчыма, ведае нешта больш, чым я, калі ён лічыць, што крызісу няма.

Апытаньне грамадзкай думкі правяла лябараторыя «Новак» Андрэя Вардамацкага. Там толькі 4% апытаных лічаць, што ў нас крызісу няма. А 96% бачаць крызіс. І 68% чакаюць пагаршэньня ўзроўню жыцьця. Гэта апошняе сакавіцкае апытаньне грамадзкай думкі. Я б сказаў, няма галоўнага, няма такой цэласнай антыкрызіснай праграмы. Няма антыкрызіснага бюджэту», - падкрэсьлівае Станіслаў Багданкевіч.

Аляксандар Лукашэнка адхіляе магчымасьць пагрозы для краіны з-за павелічэньня зьнешніх пазыкаў. Маўляў, 25% валавога ўнутранага прадукту – гэта тая мяжа па крэдытах, якую дзяржава не павінна перайсьці, а сёньня Беларусь мае толькі 8%. Аднак пры гэтым тэмпы росту пазыкаў вельмі значныя, і таму гэта небясьпечна, зазначае экс-старшыня Нацбанку.

«Я згодны з Лукашэнкам, што Беларусь не пераступіла гэту мяжу. Бо доля дзяржаўнага крэдыту ў нас усё яшчэ не значная. А сукупны крэдыт краіны таксама менш яшчэ за 30% адносна валавога прадукту. Іншая справа, што тэмпы росту пазыкаў вельмі значныя. Калі мы такімі тэмпамі далей пойдзем, то мы хутка дагонім і перагонім. У нас даўгі па пазыках невялікія, бо Расея аказвала нам цэнавыя субсыдыі на энэрганосьбіты. Мы атрымоўвалі 7-10 мільярдаў у год датацыяў па энэрганосьбітах і гэта ратавала эканоміку ад зьнешніх пазыкаў. Але зараз гэтага ўжо няма, і зьнешнія пазыкі з году ў год нарастаюць», - дадаў Станіслаў Багданкевіч.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках