3 траўня 2024, Пятніца, 18:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іван Шыла, Франак Вячорка і Зьміцер Хведарук чакаюць судовых вынікаў на свае заявы

1

Актывісты моладзевых арганізацый, якіх гвалтоўна забралі ў войска, чакаюць судовых вынікаў на свае заявы і як адрэагуюць улады на абвінавачванні Эўрапарлямэнту.

Актывіст «Маладога Фронту» Іван Шыла зноў трапіў у лязарэт, лідэр моладзі БНФ Франак Вячорка ізаляваны ад сваякоў з-за карантыну ў частцы, Зьмітра Хведарука час ад часу возяць на абсьледаваньне да мэдыкаў у Менск, перадае «Радыё Свабода».

Іван Шыла зноў трапіў у мэдычную частку з-за недалечанай ангіны. Нагадаем: у лютым адразу пасьля прыняцьця прысягі Іван захварэў і трапіў у шпіталь. Ангіна дала ўскладненьне – атыт. Хлопца выпісалі і накіравалі на службу. Хвароба час ад часу абвастралася. 30 сакавіка яго мусілі адвезьці ў Менск на кансультацыю ў шпіталь. Але днямі высьветлілася, што хлопец зноў трапіў у мэдсанчастку.

Былы лідэр моладзі БНФ Алесь Каліта раней трапіў у тую ж частку, дзе цяпер служыць і Іван Шыла.

«Занятыя сэзонным абслугоўваньнем тэхнікі, -- распавядае ён. -- Усе вельмі стамляюцца. Зьнімаем зімовы бруд, чысьцім усё саляркай, усе элемэнты тэхнікі, каб яны былі чыстыя, не запыленыя. Тэхніка патрабуе дагляду. Апошнім часам вельмі шмат прыйшло лістоў ад амэрыканскіх беларусаў. З Канады атрымаў лісты, ад Сурвілы ліст з віншаваньнем 25 сакавіка. З Беларусі таксама ідуць лісты ў асноўным ад сяброў Фронту. Канешне, прыемна».

Сёння бацькі ня могуць наведаць Івана Шылу, бо ў частцы працягнулі карантын з-за вятранкі да 26 красавіка.

У Мазырскай вайсковай частцы, дзе служыць Франак Вячорка, таксама карантын. Адзіны таксафон не працуе, бо на КПП робяць рамонт.

Бацька Франка намеснік кіраўніка Партыі БНФ Вінцук Вячорка паведаміў, што будзе абскарджваць вынікі вайсковага суду, які не пагадзіўся з тым, што гвалтоўны прызыў Франка ў войска быў незаконным.

«Начальнік кардыялягічнага аддзяленьня вайсковага шпіталя публічна прызнаў, што, згодна з заключэньнем 10-ай гарадзкой бальніцы, Франак не прыдатны да службы ў войску, -- распавядае Вінцук Вячорка. -- Я яшчэ тады на працэсе сказаў: «Занясіце, калі ласка, гэтыя словы ў пратакол». Яны не былі занесеныя. У пратаколе Франаку і мне ў вусны ўкладзеная абсалютна дзікая мова, якую яны, відаць, у судзе лічаць беларускай. Думаю, што нас канспіктавалі па-расейску, а потым нейкай кампутарнай праграмай як умелі, перакладалі на беларускую мову. Па-мойму, гэта можа цягнуць за сабой прызнаньне пратаколу несапраўдным».

Зьміцер Хведарук мае магчымасьць у выходныя пакідаць на пару гадзінаў разам зь іншымі салдатамі тэрыторыю вайсковай часткі.

«На іншых бацькоў і дзяцей ніхто не глядзіць, а на нас паказваюць пальцам, што мы не такія як усе. Нагаварылі, што бандыт, судзімы і ўсё такое», -- распавядае маці Зьмітра Хведарука, Ірына

Тым часам дэпутаты Эўрапарлямэнту, абмяркоўваючы рэзалюцыю ў беларускім пытаньні, заступіліся за трох апазыцыянэраў, якіх з палітычных меркаваньняў гвалтоўна забралі ў войска.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках