27 снежня 2024, Пятніца, 7:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Светлагорску ў чаканні Лукашэнкі замуравалі прыбіральню

8

У Светлагорску апошнімі днямі бялілі бардзюры і дрэвы, ліквідоўвалі ямы на дарогах і вырашалі праблему непрыемных пахаў на прадпрыемстве «Хімвалакно»: так ідзе падрыхтоўка да прыезду Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускага кіраўніка мясцовае начальства чакае 7 красавіка, піша старонка regionby.org.

У горадзе паспешліва рамантавалі асноўныя дарогі, для чаго прывялі тэхніку нават з Гомеля. Аб якасці такога рамонту можна будзе меркаваць праз месяц-два, а пакуль ідылія «чысціні і парадку» зканчваецца там, куды не дасягне позірк Лукашэнкі. Зялёныя масівы горада засмечаныя, у некаторых дварах – горы смецця ля кантэйнераў.

Чакаецца, што беларускі кіраўнік наведае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» і адно з сельгаспрадпрыемстваў. Як кажуць работнікі «Хімвалакна», у сценах некаторых цэхоў прарубілі адмысловыя «праходы для Лукашэнкі»: каб яму не хадзіць звілістым шляхам. Начальства доўга ламала галаву над тым, што рабіць з прыбіральняй, ад якой ў адным з цэхоў непрыемны пах. Нарэшцэ, вырашылі: на час прыезду Лукашэнкі - прыбіральню замураваць.

Аб адным з мінулых прыездаў Лукашэнкі ў Светлагорск успамінае Мікалай Паседзька, былы рэдактар тутэйшай газеты «Ранак-плюс».

«У месцы, дзе адбывалася «размова кіраўніка краіны з народам», прасунуўся да яго Ўладзімір Кохна, тагачасны рэдактар мясцовай тэлевізіі «Ранак», і аператар Вадзім Вежнавец з камерай. І кажуць: «Незалежнае тэлебачанне «Ранак». Лукашэнка тут жа паварочваецца да А. Якабсона, старшыні аблвыканкама: «Гэта што яшчэ за незалежнае тэлебачанне ў цябе тут!?» Якабсон яму – не хвалюйцеся, маўляў, Аляксандр Рыгоравіч, гэта гарадская тэлестудыя, усё пад кантролем. Лукашэнка: «Так бы і сказалі, а то што яшчэ за незалежнае…», - узгадвае Мікалай Паседзька.

Упершыню паездку ў Светлагорск Лукашэнка рабіў, з’яўляючыся кандыдатам на першых прэзідэнцкіх выбарах. Шчыльная ахова ў беларускага дыктатара была яшчэ тады, распавядае адзін з тутэйшых жыхароў, які быў на той агітацыйнай сустрэчы.

«Пайшоў я туды пасля працы, а ў руках у мяне пакет быў. У фае падыходзіць маёр міліцыі, хапае за пакет і кажа: «З ім нельга!» Той маёр так і трымаў мой пакунак у руках, пакуль я там быў. Аляксандр Якабсон сядзеў у прэзідыуме, а Лукашэнка, выступаючы, называў яго «Сашам». Так і казаў: «Вось, мы з Сашам…» Як бы ў сябры набіваўся», - зазначыў ён.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках