22 лiстапада 2024, Пятніца, 20:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Красоўская: «Я не маю ілюзіяў адносна расследавання палітычных знікненняў»

2
Ірына Красоўская: «Я не маю ілюзіяў адносна расследавання палітычных знікненняў»

Адстаўка кіраўніка МУС не прывядзе да расследавання «гучных» справаў.

«Адстаўка Уладзіміра Навумава можа, вядома, азначаць, што беларускія ўлады падаюць Еўропе нейкі сігнал. Магчыма, гэта прыкмета таго, што ціск Еўропы стаў даваць нейкі вынік. Усім вядома, што Парламенцкая асамблея Рады Еўропы падрыхтавала даклад па сітуацыі з выкраданнем у Беларусі Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Зміцера Завадскага і прыйшла да высновы, што да гэтых злачынстваў датычныя высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі. Акрамя таго, Міжпарламенцкі звяз і Працоўная група па знікненнях пры ААН увесь час цікавіцца гэтай сітуацыяй. Мы падалі ў ААН пазоў супраць уладаў Беларусі», -- нагадала ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр ініцыятывы «Мы памятаем», удава выкрадзенага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Ірына Красоўская.

Тым не менш, Ірына Красоўская не думае, што беларускія ўлады правядуць аб'ектыўнае расследаванне справаў аб выкраданнях і забойствах лідэраў апазіцыі і журналіста.

«Я не маю ілюзіяў, што будуць расследаваныя справы аб палітычных знікненнях. Магчыма, Лукашэнка вельмі хоча паехаць на саміт Усходняга партнёрства ў Прагу. На Брусэльскім Форуме і канферэнцыі памяці Ленарта Мэры ў Таліне, якія нядаўна адбыліся і ў якіх я прыняла ўдзел, казалася пра тое, што адной з самых галоўных перашкодаў паездкі Лукашэнкі ў Прагу з'яўляецца нерасследаванне справаў аб выкраданнях апазіцыянераў і магчымая датычнасць да гэтых справаў вышэйшага кіраўніцтва Беларусі. Але я вельмі скептычна стаўлюся да верагоднасці таго, што цяперашнія беларускія ўлады правядуць аб'ектыўнае расследаванне. Да гэтага знялі з пасады сакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана, таксама падазраванага ў датычнасці да знікненняў апазіцыянераў, але нічога не змянілася», -- склала Ірына Красоўская.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках