26 снежня 2024, Чацвер, 15:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Хопіць «поўзаць на каленях» па кабінетах расейскіх чыноўнікаў (Абноўлена)

86

Беларускі кіраўнік абвінаваціў расейскія ўлады ў «несумленнасці».

Падчас працоўнай камандзіроўкі ў Гомельскую вобласць 7 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што незадаволены сітуацыяй, звязанай з выкананнем дамоўленасцяў з расейскага боку па зняцці абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, адзначае «Інтэрфакс».

«Трэба спыніцца «поўзаць на каленях» па іх кабінетах», - заявіў А.Лукашэнка, звяртаючыся да чальцоў беларускага ўрада.

«Не хочуць пускаць нас на свае рынкі - нам трэба шукаць іншыя вектары экспарту. Жыццё прымушае лезці нас на іншыя рынкі», - сказаў А.Лукашэнка.

Кажучы пра Расею, Лукашэнка заявіў, што «там больш несумленнага стаўлення да нас».

«Так, мы не выбіраем газ, а нам прад'яўляюць штрафныя санкцыі. Дамовіліся па 150 даляраў за газ, іншыя прыязджаюць і кажуць, што трэба больш», - заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле яго словаў, узамен здняцця абмежаванняў па доступе беларускіх вытворцаў на рынак Расеі, расейскі бок прапаноўвае Беларусі падзяліцца сваёй уласнасцю.

«Аддайце нам тое, аддайце нам гэта», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «ніхто ў цяперашніх умовах нічога прадаваць не будзе».

Лукашэнка заявіў, што беларускія вытворцы «павінны бачыць не толькі Расею».

«Трэба шукаць іншыя рынкі. Хто думаў, што мы будзем прадаваць сметанковае масла і каўбасу ва Украіну», - адзначыў беларускі кіраўнік.

«Трэба паціху дыверсіфікаваць экспарт і выходзіць на іншыя рынкі», - дадаў ён.

«Ва ўмовах крызісу трэба кінуць высілкі на трактары»

Аляксандр Лукашэнка таксама паставіў задачу забяспечыць унутраныя патрэбы краіны ў сельскагаспадарчай тэхніцы. Такое даручэнне ён даў, знаёмячыся з ходам вяснова-палявых працаў у Светлагорскам раёне Гомельскай вобласці, паведамляе БелТА.

«Ва ўмовах крызісу трэба кінуць высілкі на асноўную тэхніку: аўтамабілі, трактары і іншую сельгастэхніку. Неабходна забяспечыць унутраныя патрэбы па тэхніцы ў сельскай гаспадарцы, камунальнай сферы», - адзначыў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што пры эксплуатацыі дарагой тэхнікі неабходна асцярожна да яе ставіцца.

«Гэта найскладанейшая тэхніка, і па-варварску да яе ставіцца недапушчальна. Самае галоўнае — жалезная дысцыпліна», — адзначыў кіраўнік краіны.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на тэхніку неабходна вызначаць нармальныя кошты, паколькі ў цэлым знізіўся сабекошт прадукцыі. Ён запатрабаваў звярнуць пільную ўвагу на якасць, а таксама рабіць замову на тую прадукцыю, у якой сапраўды ў цяперашні момант мае патрэбу тая ці іншая гаспадарка.

Як было дакладзена Лукашэнку, сёлета на закупку тэхніку плануецца вылучыць Br 3,6 трлн.

«Я ужо зарыентаваў кантралёраў паглядзець, як выкарыстоўваецца дарагая тэхніка», — сказаў беларускі кіраўнік.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, «як бы ні было складана, неабходна перастройвацца і пераходзіць на выпуск запатрабаванай прадукцыі, напрыклад, з грузавых аўтамабіляў на аўтобусы». Ён таксама дадаў, што сітуацыя ў свеце апраўдвае ўсе дзеянні ў адносінах да ашчаднасці.

«Cёння ўсю сусветную эканоміку ператварылі ў казіно»

Падчас працоўнага візіту Лукашэнка выказаўся аб выніках саміту «вялікай дваццаткі», якая адбылася ў канцы мінулага тыдня.

Лукашэнка разлічвае, што Расея будзе дзейнічаць у адпаведнасці з дамоўленасцю «дваццаткі» і зніме абмежаванні па водпуску беларускіх тавараў.

«Спадзяюся, што дваццаць вядучых дзяржаваў свету адкрыюць і не будуць закрываць свае рынкі для тавараў іншых краінаў», - заявіў беларускі дыктатар.

«Калі б сёння гэта было ў Расеі, нам бы было лягчэй напалову», - сказаў Лукашэнка.

«Пажывем - пабачым. Калі будзе так, як дамовіліся, дык гэта будзе лепш для нас. Калі не - будзем выкручвацца самі», - адзначыў дыктатар.

Лукашэнка таксама заявіў, што на саміце «быццам бы дамовіліся пра вылучэнне велізарных сродкаў».

«Грошы ў эканоміку патрэбныя», - канстатаваў Лукашэнка.

Па словах беларускага дыктатара, «сёння ўсю сусветную эканоміку ператварылі ў казіно».

У гэтай сувязі ён сказаў пра неабходнасць ўсталявання кантролю над асноўнай сусветнай валютай - далярам.

«А вы ведаеце, хто кантралюе сёння сусветную валюту», - працягнуў Аляксандр Лукашэнка.

Урад у адстаўку не адправяць, але ўжо рыхтуюць новых міністраў

Таксама Аляксандр Лукашэнка асобна падкрэсліў, што пакуль не бачыць падставаў для адстаўкі ўрада краіны.

«Тэма адставак не новая. Але я яшчэ за гэты перыяд не разглядаў гэтае пытанне пад такім пунктам погляду», - заявіў Лукашэнка.

Па словах беларускага кіраўніка, «гэтая тэма адставак урада падкідваецца людзьмі, якія б хацелі дэстабілізаваць становішча ў краіне».

«Трэба супакоіцца. Такой тэмы пакуль не існуе», - адзначыў Лукашэнка. Паводле яго словаў, «ва ўрадзе няма ворагаў таго курсу, які сёння праводзіцца».

Разам з тым, Лукашэнка адзначыў, што «калі нейкі орган ці асоба перастане працаваць, дык за мной не заржавее».

Ён заявіў, што «у хуткім часе вы пачуеце пра новыя прызначэнні».

«Ужо чатыры-пяць месяцаў ідзе падбор кандыдатураў і па міністрах, і па іншых», - сказаў беларускі кіраўнік.

«АЭС — гэта будзе самае вялікае наша дасягненне»

Беларусь не мае намеру адмаўляцца ад будаўніцтва АЭС нават ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, заявіў сёння журналістам Аляксандр Лукашэнка.

«Атамную станцыю як бы ні было цяжка, мы будзем будаваць. На маім узроўні пытанне пра тое, каб з-за крызісу адкласці будаўніцтва АЭС на год-два, не разглядалася, і мы пакуль не збіраемся гэта адкладаць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі кіраўнік адзначыў, што ўсе працы, вызначаныя па плане, выконваюцца ў тэрмін. Расейцы гатовыя вылучыць пад праект крэдыт.

«Як вызначылі, так і будзем будаваць суперсучасную АЭС, каб забяспечыць наш народ больш таннай энергіяй», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка прывёў дадзеныя сацапытання, паводле якіх нібыта ўжо сёння больш за 60% насельніцтва падтрымлівае рашэнне пра будаўніцтва АЭС.

«Мы з ўсіх бакоў абкружаныя гэтымі атамнымі станцыямі, і не дай Бог, што пацерпім як ад Чарнобыльскай АЭС. Пры гэтым мы самі не маем той карысці, якую мае ўвесь свет. Уся Еўропа, дзе ў свой час «зялёныя» выступалі супраць развіцця энергетыкі, рухаецца сямімільнымі крокамі па шляху атамнай энергетыкі. А нам, ці бачыце, не трэба. Трэба! Сёння АЭС будуюць Кітай, Расея, якія маюць сваю вуглевадародную сыравіну. Мы ж ўсе энергарэсурсы ўвозім», - сказаў беларускі кіраўнік.

«Гэта будзе самае вялікае дасягненне нашага з вамі перыяду. Атамная электрастанцыя — гэта не толькі энергетыка, гэта цалкам новы ўзровень развіцця дзяржавы. Нам гэта трэба. Крызісы прыходзяць і сыходзяць. Трэба вучыць людзей новым тэхналогіям», — заявіў Лукашэнка.

Дыктатар зноў паказаў сваю «культуру»

Не забыўся беларускі дыктатар у чарговы раз выказацца пра апазіцыю. Так, каментуючы патрабаванні беларускай апазіцыі пра замарожванне праекту будаўніцтва АЭС, Лукашэнка заявіў:

«Я не хачу нікога абражаць, але гэта заявы асобных адмарожаных».

«Еўропа сёння рухаецца сямімільнымі крокамі ў развіцці атамнай энергетыкі. А нам кажуць, што не трэба. Трэба», - сказаў дыктатар.

Пра крэдыт: «Расейцы практычна нічога не хочуць рабіць»

Аляксандр Лукашэнка таксама абвінаваціў Расею, што яна не робіць практычных крокаў па рэалізацыі падтрыманай ёй ініцыятывы выкарыстання расейскага рубля ў якасці рэгіянальнай рэзервовай валюты.

«Як можна выступаць за тое, каб твая валюта стала рэгіянальнай, а ў перспектыве, можа быць, і сусветнай валютай на ўзроўні даляра ці еўра, і ў той жа час не ісці практычна па гэтым шляху», - сказаў беларускі кіраўнік.

Па словах Лукашэнкі, просьба беларускіх уладаў да Расеі аб вылучэнні крэдыту ў 100 млрд расейскіх рублёў «не зыходзіць з таго, што мы хочам перахапіць яшчэ 100 млрд рублёў».

«Гэта яны так хочуць падаць. Не. Гэта былі б рэальныя крокі, каб давесці, што гэты працэс чагосьці варты», - адзначыў Лукашэнка.

«А яны практычна нічога не хочуць рабіць», - дадаў беларускі дыктатар.

Паводле яго словаў, «тое ж датычыць і крэдыту».

«Калі расейцы хочуць мець рэгіянальную валюту, дык ім выгодней за ўсё ажыццявіць гэты працэс з Беларуссю», - заявіў Лукашэнка.

Пакуль жа, паводле яго словаў, «мы пачакаем, для нас гэта не крытычны момант у гэтым плане». «Захочуць, дык мы будзем гэта вітаць», - працягнуў А.Лукашэнка.

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках