23 снежня 2024, панядзелак, 22:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алена Макуць: Мужа арыштавалі за тое, што працаваў разам з Аўтуховічам

2

Цягам трох дзён арыштаванаму па справе Аўтуховіча Віктару Макуцю прад’явяць абвінавачаньні, паведаміла ягоная жонка Алена.

Галоўны мэханік кампаніі «Сьціф-Транс» Віктар Макуць быў арыштаваны ў Ваўкавыску ў панядзелак і дастаўлены ў менскую турму на Акрэсьціна.

Алена Макуць, жонка затрыманага, распавяла «Радыё Свабода», што ўчора прыехалі некалькі чалавек, рабілі ператрус у доме, прыбудоўцы і нават езьдзілі на лецішча. Знайшлі некалькі старых патронаў ад паляўнічай стрэльбы і забралі іх.

На думку спадарыні Макуць, яе мужа арыштавалі толькі за тое, што ён доўгі час працаваў разам зь Мікалаем Аўтуховічам. Зараз яна ў вельмі цяжкім стане і нават не магла назваць тых, хто забіраў яе мужа.

«Забралі, і ўсё. Сказалі, што праз тры дні затэлефануюць і скажуць, якія прад’яўляюць абвінавачаньні. Прабачце, але больш я не магу гаварыць, не магу, усё...» - плача жанчына.

Алена Макуць дадала, што ў мужа высокі ціск нырак, а яна нават ня бачыла, ці ўзяў ён з сабою лекі.Сама яна зараз не працуе, а даглядае сваю старую маці, якая ляжыць зпараліжаваная і амаль страціла зрок.

Дыспэтчар у фірме «Сьціф-Транс», дзе працуе Віктар Макуць, коратка ахарактарызаваў яго наступным чынам.

«Макуць — нармальны мужчына, сем’янін, у яго двое дарослых дзяцей, і папросту нармальны чалавек...», - сказаў ён.

Фірма «Сьціф-Транс» займаецца грузаперавозкамі і арандуе памяшканьне там, дзе працаваў Мікалай Аўтуховіч.

Нагадаем, што Віктара Макуця ўжо дапытвалі 8 лютага — у той дзень, калі затрымалі Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку.

З слоў праваабаронцы Алега Воўчака, сьледчыя зараз заявілі, што тым разам Макуць мог нібыта «нешта схаваць ад сьледзтва і не пра ўсё распавесьці».

«Хутчэй за ўсё, яго хочуць затрымаць на тры дні, каб атрымаць хоць нейкую інфармацыю пад псыхалягічным ціскам», - сьцьвярджае ён.

8 лютага у кватэрах Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі адбыліся ператрусы, пасьля чаго ўсіх трох адвезьлі ў менскае СІЗА.

Паводле інфармацыі МУС, затрыманыя падазраюцца ў арганізацыі і зьдзяйсьненьні шэрагу цяжкіх злачынстваў.

Усім тром прад'яўлены абвінавачанні паводле артыкула 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці).

Родныя арыштаваных кажуць, што ніякіх зьвестак пра ход сьледзтва ім не паведамляюць.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках