26 снежня 2024, Чацвер, 14:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сідорскі б'е трывогу: адмоўнае сальда з Расеяй імкліва павялічваецца

24

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што гандлёвы баланс з Расеяй складаецца «не на карысць Беларусі».

Як паведамляе «Інтэрфакс», 9 красавіка прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі зноў нагадаў, Расея не выконвае абяцанняў па забеспячэнні роўнага доступу беларускіх і расейскіх тавараў на рынкі двух дзяржаваў.

«Гэтыя рашэнні пакуль блакуюцца расейскім бокам», - сказаў Сідорскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «былі даручэнні скончыць працу ў лютым па забеспячэнні роўнага доступу і па ўзаемных саступках».

«Але ўжо красавік, а рашэнні не прынятыя», - дадаў ён.

«Можа быць, у чыноўнікаў, якія знаходзяцца ля вытокаў нараджэння дакументаў, і ёсць час, але ва урада такіх тэрмінаў няма: за намі працоўныя месцы, зарабатная плата», - падкрэсліў Сідорскі.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што ў яго адбыліся тэлефонныя гутаркі з старшынём расейскага ўрада Уладзімірам Пуціным, падчас якіх выказвалася падтрымка рашэнням, прынятым падчас паседжання Вышэйшага дзяржсавета.

Сідорскі падкрэсліў, што «мы просім роўнай канкурэнцыі, а не прэферэнцыяў». Разам з тым, па словах прэм'ера, «расейскія калегі высоўваюць прэтэнзіі, якія практычна ніяк не ўплываюць на наш таваразварот».

Прэм'ер распавёў, што за два месяцы бягучага года Беларусь паставіла ў Расею прадукцыі на $800 млн, а набыла - на $2,1 млрд.

Такім чынам, толькі за два месяцы адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй склала 1,3 мільярда даляраў.

Па словах Сідорскага, калі вылічыць з аб'ёму імпарту кошт нафты і газу, дык баланс усё роўна складаецца не на карысць Беларусі.

«Мы камплектуючых набылі больш, чым паставілі гатовай прадукцыі», - сказаў кіраўнік беларускага ўрада, дадаўшы, што такім чынам была аказаная падтрымка расейскай эканоміцы.

«Не разумею: навошта тады стрымліваць гандлёва-эканамічны абарот?», - сказаў Сяргей Сідорскі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках