23 снежня 2024, панядзелак, 10:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

1 траўня АМАП разагнаў акцыю салідарнасці ў Менску (Фота, відэа)

26
1 траўня АМАП разагнаў акцыю салідарнасці ў Менску (Фота, відэа)

Супрацоўнікі менскага АМАПа збілі ўдзельнікаў мірнай акцыі салідарнасці з палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам, які абвесціў бестэрміновую галадоўку.

Акцыя прайшла 1 траўня каля СІЗА на вуліцы Валадарскага. У следчым ізалятары ГУУС Менгарвыканкама з лютага гэтага года ўтрымліваюцца пад вартавай палітвязні Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка і Юры Лявонаў.

50 актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і «Маладога Фронту» прышлі да сценаў ізалятара з партрэтамі вязняў сумлення, расцяжкай «Свабоду палітвязням!», нацыянальнымі бел-чырвона-белымі і еўрапейскімі сцягамі. Апазіцыянеры скандавалі «Свабоду палітвязням!» і «Жыве Беларусь!». У акцыі таксама прынялі ўдзел каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка, моладзевыя лідэры, актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бародка, Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, Максім Вінярскі і іншыя.

Дэманстранты заявілі, што вышлі падтрымаць Мікалая Аўтуховіча, паколькі сёння яго жыццю пагражае рэальная небяспека. Удзельнік вайны ў Аўганістане, узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга і медалём «За адвагу», Мікалай Аўтуховіч хворы на панкрэатыт, і бестэрміновая галадоўка можа яго забіць.

Праз 10 хвілінаў пасля пачатку акцыі да СІЗА пад'ехаў аўтазак, поўны супрацоўнікаў АМАПа. Дэманстрантаў узялі ў кола і паспрабавалі выціснуць. Пры гэтым амапаўцы выхоплівалі з рук актывістаў партрэты і рвалі іх.

У знак пратэсту ўдзельнікі акцыі селі на зямлю, трымаючы ў руках партрэты палітвязняў. Амапаўцы абступілі людзей, якія сядзелі на зямлі, не дазваляючы ім рухацца.

Камандаваў супрацоўнікамі АМАПа намеснік начальніка УУС Маскоўскага раёна Менска. Ён праігнараваў рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі аб тым, што людзі з партрэтамі не парушаюць Закон аб масавых мерапрыемствах, і заявіў, што ля ізалятара праходзіць несанкцыянаваная акцыя.

Удзельнікаў мірнай акцыі сталі груба выцясняць ад будынка ізалятара. Пры гэтым амапаўцы білі заціснутых у кола людзей па нырках, па спінах, па нагах. Рабілі міліцыянты гэта цішком, кулакамі ці нагамі. Моцна збіты былы палітвязень, моладзевы лідэр Андрэй Кім. Такім чынам дэманстрантаў фактычна пад канвоем вялі да станцыі метро «Фрунзенская», сістэматычна наносячы ўдары і абражаючы.

Акцыі салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам, які абвесціў галадоўку, а таксама Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам будуць праходзіць штодня ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска. Беларусаў заклікалі выходзіць на вуліцы сваіх гарадоў, а таксама праводзіць акцыі за мяжой, каб прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да лёсу беларускага палітвязня Мікалая Аўтуховіча, які можа памерці ў турме. Ветэранаў вайны ў Аўганістане таксама заклікалі падтрымаць іх баявога сябра і выходзіць на акцыі салідарнасці з палітвязнем.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках