24 снежня 2024, aўторак, 2:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіста антыядзернага супраціву дапытваюць за «Чарнобыльскі Шлях»

5 траўня дамоў да сябра аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы «Астравецкая атамная - гэта злачынства» Івана Крука прыйшоў супрацоўнік міліцыі.

Допыт адбываўся па факце распаўсюду 26 красавіка інфармацыйных матэрыялаў, прысвечаных 23-й гадавіне Чарнобыля, і магчымаму будаўніцтву Астравецкай АЭС. Падставай для гэтага стала нібыта «ананімнае тэлефоннае паведамленне ў РАУС».

Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведамляе паплечнік Івана Крука па антыядзерным супраціве ў раёне Мікола Ўласевіч.

«З усяго гэтага вынікае, што у справе з распаўсюдам «Астравецкага весніка» (малафарматнага выдання, прысвечанага праблеме АЭС) яшчэ магчымы нейкі працяг. Але цікава, што за гэты час я таксама атрымаў адказ з Міністэрства інфармацыі на сваю сумесную заяву з І.Круком аб прадастаўленні ксеракопій усіх працэсуальных дакументаў па распачатаму супрацоўнікамі Астравецкага РАУСа ў дачыненні да нас абодвух адміністратыўнаму працэсу па ч.2 арт.22.9 КаАП РБ, падчас якога у нас былі праведзеныя ператрусы па месцы жыхарства», - зазначае Мікола Ўласевіч.

«З атрыманага ліста за подпісам першай намесніцы міністра Л.С.Ананіч прама вынікае, што ў дачыненні асабіста да мяне падставы да прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці адсутнічалі і ніякіх працэсуальных дакументаў Мінінфармацыі не складала. А гэта азначае, што на сённяшні дзень у мяне ёсць яшчэ адно дакументальнае пацверджанне свавольства міліцыі», – дадае актывіст антыатамнага супраціву.

Мікола Уласевіч паведаміў, што разам з Іванам Круком яны накіравалі яшчэ адну, сумесную, скаргу ў Канстытуцыйны суд і Генпракуратуру. Адбылося гэта пасля таго, як 22 красавіка да іх дадому ізноў наведаліся супрацоўнікі міліцыі і абодвум пад распіску ўручылі папярэджанні аб недапусцімасці правядзення недазволенных для правядзення райвыканкамам двух заяўленых імі масавых мерапрыемстваў, прысвечаных 23-й гадавіне Чарнобыля.

У скарзе актывісты антыатамнага супраціву яшчэ раз заявілі «пра чарговае грубае парушэнне сваіх законных правоў», тым самым засведчыўшы «факт бесперапыннага маральна-псіхалагічнага тэрору, які ў дачыненні да праціўнікаў будаўніцтва АЭС здзяйсняюць улады Астравецкага раёну сумесна з сілавымі структурамі і органамі дзяржбяспекі, працягваючы беспакаранна і цынічна дзейнічаць у сваіх супрацьпраўных мэтах, не звяртаючы ніякай увагі ні на закон, ні на нашыя законныя правы».

М.Уласевіч і І.Крук просяць генпракурора і старшыню Канстытуцыйнага суда «даць прававую ацэнку дзеянням супрацоўнікаў Астравецкага РАУС наконт іх законнасці» падчас наведвання свайго жылля, а таксама пры вынясенні пісьмовых папярэджанняў ад імя начальніка райаддзела міліцыі. Паколькі грамадскія актывісты не маюць сумневаў наконт незаконнасці вынесеных ім папярэджанняў, яны ў сваёй скарзе таксама патрабуюць «усіх вінаватых прыцягнуць да строгай, нават да крымінальнай, адказнасці, паколькі ў іх дзеяннях ёсць усе прыкметы злачынстваў супраць канстытуцыйных правоў чалавека і грамадзяніна, прадугледжаных гл.23 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь».

Мікола Ўласевіч зазначыў, што на свае раней пададзеныя скаргі (ад 16.04.09 і 23.04.09) ён паслядоўна атрымаў адказы-адпіскі і з Генпракуратуры і з Канстытуцыйнага Суда.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках