24 снежня 2024, aўторак, 17:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вацлаў Гавэл: «Прынцыпы саступілі месца палітычнай мэтазгоднасьці»

3

Нават дзяржавы, для якіх правы чалавека – не пусты гук, адстойваюць іх недастатковым чынам, лічыць былы прэзыдэнт Чэхіі.

Сёньня Генэральная асамблея ААН будзе галасаваць за кандыдатаў у склад Рады па правах чалавека. Некаторыя з краін-кандыдатаў выклікаюць сурьёзныя сумневы з пункту гледжаньня выкананьня правоў чалавека імі самімі. Пра гэта ва ўчорашнім нумары «New York Times» напісаў Вацлаў Гавал.

«Уявіце сабе выбары, дзе вынік перадвызначаны, а многія кандыдаты відавочна нягодныя. Любы дэмакратычны выбаршчык палічыў бы гэта фарсам» – з такіх словаў пачынае свой артыкул Вацлаў Гавэл (пераклад артыкулу – «Радыё Свабода»).

Ён нагадвае, што ў Радзе ў правох чалавека ААН 47 сябраў, аднаўляюцца 18 месцаў і на іх прэтэндуюць 20 краінаў. Канкурэнцыі амаль няма, немагчыма аддаць перавагу больш годным перад менш годнымі. У 2006 годзе – нагадвае былы чэскі прэзыдэнт – камісія ў правох чалавека ААН была ліквідаваная з прычыны няздольнасьці вынесьці належную ацэнку грубым і масавым парушэньням правоў чалавека ў такіх краінах, як Судан і Зымбабвэ. Новую Раду меркавалася фармаваць, беручы пад увагу справаздачы аб стане правоў чалавека ў краінах-кандыдатах.

Але прынцыпы саступілі месца палітычнай мэтазгоднасьці, – канстатуе Гавэл. Месцы ў Радзе для сумнеўных кандыдатаў абменьваюцца на іх галасы за сяброўства іншых краінаў у іншых органах. ААН. Паводле Гаўла, адсутнасьць канкурэнцыі за месцы ў Радзе сьведчыць пра тое, што нават дзяржавы, для якіх правы чалавека – не пусты гук, адстойваюць іх недастатковым чынам.

Лацінская Амэрыка, дзе большасьць дзяржаваў мае дэмакратычны лад, пагадзілася ў сваёй групе працягнуць сяброўства ў Радзе ў правох чалавека Кубы. Азіяцкія краіны згодны з тым, каб у Радзе і далей засядалі Кітай і Саўдаўская Арабія.

Нават у краінах Усходняй Эўропы, сярод якіх – і Чэхія, сярод трох прэтэндэнтаў – Азэрбайджан і Расея, справаздачы пра правы чалавека ў якіх вагаюцца ад кепскіх да вельмі кепскіх.

«Як і грамадзяне Азэрбайджану, Кітаю, Кубы, Расеі і Саўдаўскай Арабіі, я ведаю, што такое жыць у краіне, дзе грамадзкая думка кантралюецца, апазыцыя падаўляецца, а свабода выказваньня абмяжоўваецца, – піша Вацлаў Гавэл, былы прэзыдэнт і былы палітвязень. -- Мяне асабліва бянтэжыць, што дэмакратычныя краіны Лацінскай Амэрыкі і Азіі спакойна назіраюць за тым, як Рада ў правох чалавека губляе павагу да сябе» – адзначае Гавэл. Ён нагадвае, што дэмакратычныя актывісты з Азэрбайджану і Кубы ўжо зьвярнуліся да міжнароднай супольнасьці з просьбай не выбіраць іх дзяржавы ў Раду па правах чалавека.

Вацлаў Гавэл заклікаў сябраў Генэральнай асамблеі ААН выказаць салідарнасьць з ахвярамі парушэньняў правоў чалавека і не галасаваць за краіны-парушальніцы ў гэтых ганебна безальтэрнатыўных выбарах. Варта дадаць, што ў 2007 годзе на месца ў Радзе ААН у правох чалавека прэтэндавала Беларусь. У апошні момант у групе ўсходнеэўрапейскіх краін сваю кандыдатуру вылучыла Босьнія-Герцагавіна, якая і была абраная ў Раду, кандыдатура Беларусі не атрымала падтрымкі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках