Пётр Ялфімаў не прайшоў у фінал «Еўрабачання» (Відэа)
114- 13.05.2009, 0:27
Сёлета Беларусь не будзе прадстаўленая ў фінале прэстыжнага музычнага конкурсу «Еўрабачанне».
Па выніках першага паўфіналу ў фінал вышлі Турцыя, Швецыя, Ізраіль, Партугалія, Мальта, Фінляндыя, Боснія і Герцагавіна, Румынія, Арменія і Ісландыя.
Беларус Пётр Ялфімаў у фінал не прайшоў, хаця выступіў годна, нягледзячы на скандалы, што суправаджалі спевака на працягу ўсёй падрыхтоўкі да конкурсу. Нагадаем, што спевака не задавальняў нумар, падрыхтаваны польскім рэжысёрам Янушам Юзэфовічам. З-за гэтага ў Ялфімава узнік канфлікт з Беларускім тэлебачаннем і кіраўніком беларускай дэлегацыі на «Еўрабачанні» Аляксандрам Ціхановічам. Нумар быў зменены з-за ўзніклых у Маскве тэхнічных праблемаў.
Усяго ў першым паўфінале прынялі ўдзел 18 канкурсантаў. Па новых правілах галасавання, прынятых сёлета, фіналістаў выбіраюць гледачы і чальцы прафесійнага журы на чале з расейскім спеваком і прадзюсарам Філіпам Кіркоравым. Пры гэтым гледачы вызначаюць дзевяць фіналістаў у кожным з паўфіналаў пры дапамозе СМС-паведамленняў і тэлефанаванняў, дзясятага ж фіналіста выбірае журы.
Другі паўфінал адбудзецца ў чацвер, 14 траўня, па выніках якога з 19 канкурсантаў будуць вызначаныя яшчэ дзесяць. Акрамя 20 удзельнікаў, якія перамаглі ў двух паўфіналах «Еўрабачання-09», у фінале 16 траўня ў СК «Алімпійскі» таксама будуць спаборнічаць прадстаўнікі краінаў класічнай «Вялікай чацвёркі» - Англіі, Нямеччыны, Францыі і Гішпаніі, а таксама Расеі, якая аўтаматычна прайшла ў фінал дзякуючы перамозе летась Дзімы Білана.