24 снежня 2024, aўторак, 19:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Януш Анышкевіч: Мы памятаем пра тое, што ў Беларусі арыштоўваюць і пераследуюць людзей (Відэа)

3
Януш Анышкевіч: Мы памятаем пра тое, што ў Беларусі арыштоўваюць і пераследуюць людзей (Відэа)

Дэпутат Еўрапарламента і адзін з лідэраў польскай «Салідарнасці» падтрымаў беларусаў, якія змагаюцца за вызваленне палітвязняў.

«Хачу горача падтрымаць усіх, хто з салідарнасці з арыштаваным Мікалаем Аўтуховічам трымае сёння ў Беларусі галадоўку. На ўласным досведзе ведаю, наколькі гэта цяжка. У камуністычнай Польшчы я сам некалькі разоў удзельнічаў у такіх галадоўках. І ведаю, колькі гэта патрабуе мужнасці і сілаў.

Ведайце, што мы з вамі, мы памятаем пра вас і ўсіх, хто арыштаваны і знаходзіцца ў турме, каго пераследуюць у Беларусі. Справа Беларусі – гэта таксама і нашая справа. Будзьце мужнымі! Мы з вамі!», -- заявіў еўрадэпутат.

Нагадаем, 4 траўня шэраг палітычных і грамадскіх дзеячаў Беларусі абвясцілі бестэрміновую галадоўку ў падтрымку затрыманых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, якія ўтрымліваюцца ў сталічным СІЗА № 1.

Сярод удзельнікаў акцыі салідарнасці — былыя палітвязні Андрэй Кім, Мікалай Статкевіч, Сяргей Скрабец, Арцём Дубскі, Эніра Браніцкая, Аляксандр Казулін, лідэр каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, актывісты «Маладога Фронту» Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Кася Салаўёва, Яраслаў Грышчэня, Арцём Ластавецкі, Дар'я Латушкіна, грамадская актывістка з Берасця Наталля Касцючык, Ірына Губская, лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і шмат хто іншы.

Некаторыя ўдзельнікі галадоўкі трымаюць яе вось ужо 10 дзён у менскім офісе Партыі БНФ, частка людзей галадае па хатах. На сённяшні дзень у галадоўцы салідарнасці з палітвязнямі ўдзельнічаюць 32 чалавекі.

Пачынаючы з 1 траўня, у Менску таксама праходзяць вулічныя акцыі салідарнасці з палітычнымі зняволенымі. Цэлы тыдзень беларусы выходзілі на Кастрычніцкую плошчу Менска з партрэтамі вязняў сумлення. Кожная з гэтых акцыяў была разагнаная АМАПам. Зараз акцыі салідарнасці праходзяць кожны дзень у розных частках горада, а таксама ў рэгіёнах Беларусі і за мяжой.

Удзельнікі акцыяў салідарнасці патрабуюць зняць абвінавачванні з арыштаваных лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, неадкладна вызваліць іх, а таксама рэабілітаваць усіх палітвязняў у краіне і спыніць пераслед грамадзянаў па палітычных матывах.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках