Прызначаная дата паўторнага суду над удзельнікам «Працэсу 14-ці» Максімам Дашуком
- 15.05.2009, 12:56
Разгляд крымінальнай справы актывіста грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Максіма Дашука ў судзе Маскоўскага раёна Менска прызначаная на 1 чэрвеня.
Пачатак суду - у 14.15. Дашуку, аднаму з фігурантаў "справы 14-ці", прад'явілі абвінавачванне ў парушэнні ўмоваў адбыцця пакарання. Гэта артыкул 415 КК, паводле якога апазіцыянеру пагражае зняволенне тэрмінам ад шасці месяцаў да трох год, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Абвінавачванне Максіму Дашуку было прад'яўленае 23 лютага гэтага года. Да гэтага супрацоўнікамі праваахоўных органаў Дашуку было вынесена некалькі папярэджанняў за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання ў выглядзе "хатняга" арышту.
Аб прычынах арышту апазіцыянер тады сказаў: "Усе папярэджанні былі вынесеныя за тое, што не знаходзіўся ў кватэры ў патрэбны час. Мне дазвалялася выходзіць з дома толькі на дзве гадзіны на суткі, а трэба было дапамагаць мацій, бо бацька памёр яшчэ ў красавіку. Працы ў мяне не было, бо я непаўнагадовы, а таксама няма менскай прапіскі".
У дзень прад'яўлення абвінавачвання моладзевы актывіст быў змешчаны ў менскае СІЗА. Але на наступны дзень пракурор прыняў рашэнне змяніць зняволенне на падпіску аб невыяздзе.
Нагадаем, што непаўнагадовы Максім Дашук у 2008 годзе быў асуджаны на паўтара гады пазбаўлення волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Максіма Дашука Вязнем сумлення. У адпаведнай заяве арганізацыі ягонае прозвішча стаіць сярод 11 фігурантаў "справы 14-ці", якія на дадзены момант знаходзяцца пад хатнім арыштам і пры самым малым парушэнні ў любы момант могуць апынуцца за кратамі.
Кваліфікацыі палітычных вязняў і вязняў сумлення, зробленыя Amnesty International , з'яўляюцца вызначальнымі для міжнароднай супольнасці і ўрадаў заходніх краін.