Беларус-вікінг перамог на «Еўрабачанні» (Відэа)
158- 17.05.2009, 1:17
Пераможцам 54-га Еўрапейскага песеннага конкурсу «Еўрабачанне-2009» стаў Аляксандр Рыбак з Нарвегіі -- выхадзец з Беларусі.
Наш суайчыннік набраў 387 балаў. Гэта рэкорд, папярэдні належыў фінскаму гурту «Лордзі» - 292 - і быў усталяваны ў 2006 годзе. Паводле правілаў «Еўрабачання», наступны конкурс пройдзе ў Нарвегіі.
Максімальную колькасць балаў - 12, Нарвегіі аддалі Іспанія, Беларусь, Швецыя, Ізраіль, Расея, Літва, Украіна, Польшча, Нідэрланды, Эстонія, Данія, Славенія і Венгрыя.
Аб перамозе Аляксандра Рыбака стала аб'ектыўна вядома ўжо падчас афіцыйнага галасавання, калі колькасць атрыманых Нарвегіяй балаў амаль у два разы перавысіла колькасць балаў бліжэйшых супернікаў, Азербайджана і Ісландыі.
Букмекерскія канторы з самага пачатку конкурсу называлі нарвежскага артыста фаварытам «Еўрабачання-2009».
Песня, з якой Рыбак атрымаў перамогу на конкурсе ў Маскве, па ягоным уласным прызнанні, была напісаная цалкам выпадкова: упершыню закаханы музыка пачаў неяк найграваць няпэўную мелодыю, узгадваючы аб сваёй каханай. Так нарадзілася Fairytale («Казка»).
Аляксандр Рыбак нарадзіўся 13 мая 1986 года ў Менску ў сям'і музыкаў. Калі яму споўнілася пяць год, ягоныя бацькі пераехалі ў прыгарад Осла, і з тых часоў ён ні разу не бываў на радзіме. Грае на скрыпцы з пяці год. Выступаў з музыкамі з вядомага гурту A-Ha і са знакамітым скрыпачом Пінхасам Цукерманам.
Аляксандр дайшоў да паўфіналу ў нарвежскай версіі «Фабрыкі Зорак» і ўдзельнічаў у шоў талентаў Kjempesjansen, у якім атрымаў перамогу, выканаўшы песню ўласнага напісання Foolin. Зараз ён заняты здымкамі ў нарвежскім тэлефільме Yohan - Child Wanderer, які выйдзе ў жніўні 2009 года.
Краіны, якія, па меркаванні еўрапейскіх гледачоў і нацыянальных журы, увайшлі ў ТОП-10 пераможцаў «Еўрабачання»:
Нарвегія - 387
Ісландыя - 218
Азербайджан - 207
Турцыя - 177
Вялікабрытанія - 173
Эстонія - 129
Грэцыя - 120
Францыя - 107
Боснія і Герцагавіна - 106
Арменія - 92
Расея - 91