23 снежня 2024, панядзелак, 16:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выкрадзеныя і забітыя ў Беларусі: Анатолю Красоўскаму споўнілася б 57 год

7

Бізнэсмэн і грамадскі дзеяч знік 16 верасня 1999 года разам з віцэ-спікерам Вярхоўнга Савета Віктарам Ганчаром.

Амаль дзесяць год беларускія ўлады вядуць фармальнае расследаванне, цалкам ігнаруючы заклікі родных і блізкіх праверыць інфармацыю аб дачыненні да знікнення вышэйшых службовых асоб краіны. Лёс Анатоля Красоўскага, як і іншых зніклых апанентаў беларускага рэжыму, дагэтуль не ўсталяваны.

16 лістапада 2008 года пазоў ад імя Анатоля, Ірыны і Валерыі Красоўскіх супраць дзяржавы Беларусь быў зарэгістраваны ў Камітэце па правах чалавека ААН, і ягоная копія была накіраваная адказніку.

Пазоў сям'і Красоўскіх быў падрыхтаваны нідэрландскай адвакацкай канторай; ён складаецца са ста пунктаў, да яго прыкладзена 25 дакументаў агульным аб'ёмам больш за тысячу старонак. Ад свайго імя, а таксама ад імя Анатоля Красоўскага Ірына і Валерыя Красоўскія заклікаюць дзяржаву Беларусь:

1) неадкладна дапытаць падазраваных у дачыненні да гвалтоўнага знікнення Анатоля Красоўскага, названых у спецыяльным Мемарандуме дэпутата Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстоса Пургурыдзеса;

2) задаволіць шматлікія просьбы сям'і Анатоля Красоўскага і міжнароднай супольнасці правесці дбайнае адкрытае расследаванне знікнення Анатоля Красоўскага;

3) ідэнтыфікаваць і паказаць месца пахавання Анатоля Красоўскага;

4) кампенсаваць ахвярам гвалтоўнага знікнення Анатоля Красоўскага маральную і матэрыяльную шкоду.

Місія дзяржавы Беларусь у ААН у сваю чаргу накіравала Камітэту па правах чалавека патрабаванне прадаставіць ёй тэкст пазову і да яго дакументаў, што дадаюцца да яго, на расейскай мове (першапачаткова пазоў падрыхтаваны на ангельскай), што было зроблена ў лютым 2009 года. З улікам гэтага патрабавання, крайні тэрмін для рэакцыі Беларусі перанесены на няпэўны час.

Анатоль Сцяпанавіч Красоўскі нарадзіўся 17 мая 1952 года ў п. Крупкі Менскай вобласці. Скончыў фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Педагог, кандыдат філасофскіх навук, аўтар дзясяткаў навуковых прац і шэрагу навучальных дапаможнікаў, распрацоўнік школьнага курсу «Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця». З пачатку дзевяностых буйны прадпрымальнік, выдавец масавых часопісаў «Я+Я», «Идеал» і іншых. Займаўся дабрачыннасцю, здзяйсняў фінансавую падтрымку шэрагу грамадскіх арганізацый Беларусі, у тым ліку і палітычна незалежным. Вядомы як асабісты сябар віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13-га склікання Віктара Ганчара, лідэра беларускай апазіцыі канца дзевяностых.

Першым сігналам крайняй незадаволенасці ўладных структур палітычнай актыўнасцю Анатоля Красоўскага стаў ягоны арышт у жніўні 1999 года. Прадпрымальнік быў змешчаны ў СІЗА, дзе яму фактычна было прад'яўленае абвінавачванне ў падрыўной дзейнасці. Аднак пасля публікацыі ў шэрагу СМІ падрабязнасцяў здарэння следства агучыла іншую версію, паводле якой Анатоль Красоўскі вінаваты ў тым, што своечасова не вярнуў крэдыт, узяты ў банку «Поиск». З-за відавочнай неадпаведнасці рэчаіснасці гэтае абвінавачванне хутка развалілася. На працягу тыдня прадпрымальніка адпусцілі разам з іншымі затрыманымі па гэтай справе.

Трагедыя адбылася 16 верасня 1999 года. Увечары гэтага дня Анатоль Красоўскі і Віктар Ганчар былі выкрадзеныя. Праваахоўнымі органамі было распачатае расследаванне, аднак усе вядомыя ў цяперашні час доказы былі сабраныя добраахвотнікамі. У тым ліку і выяўленыя на месцы выкрадання на вуліцы Фабрычнай у Менску аскепкі шкла аўтамабіля Анатоля Красоўскага, якім сябры карысталіся ў гэты дзень, і сляды крыві, ідэнтыфікаванай незалежнай экспертызай як кроў Віктара Ганчара. Гэтыя і іншыя сабраныя дадзеныя растлумачваюць дэталі выкрадання і ў вачах шырокай грамадскасці з'яўляюцца пацверджаннем таго, што яно было арганізаванае сіламі спецслужбаў. Афіцыйнае следства - нягледзячы на тое, што за Віктарам Ганчаром, і за Анатолем Красоўскім вялося сталае сачэнне сіламі Камітэта дзяржбяспекі - канстатавала немагчымасць усталявання ісціны. Пасля знікнення КДБ заявіў, што сачэнне была знятае менавіта 16 верасня.

У чэрвені 2001 года сусветная грамадскасць атрымала ў распараджэнне паказання следчых КДБ Петрушкевіча і Случака, якія распавялі падрабязнасці сістэмы фізічнага ліквідавання непажаданых у Беларусі, якая склалася за гады знаходжання Лукашэнкі каля ўлады, якая кантралюецца ім асабіста.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках