25 снежня 2024, Серада, 16:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктары прадпрыемстваў узбунтаваліся: сітуацыя цяжкая, заводы могуць спыніцца

52

Кіраўнікі прампрадпрыемстваў настойліва патрабуюць ад урада працаваць не па даведзеных раней заданнях.

У адваротным выпадку недахоп абаротных сродкаў на фоне дарагіх банкаўскіх крэдытаў можа папросту прывесці да спынення вытворчасцяў, піша «Экономическая газета».

«Сёння мы знаходзімся ў складаным становішчы, у якім неабходна прымаць неардынарныя рашэнні. Хочам мы гэтага ці не, тое, што адбываецца ў свеце, датычыцца Рэспублікі Беларусь. Няма такога прадпрыемства, якое б не закранулі сусветныя працэсы, асабліва гэта адбіваецца на буйных экспарцёрах», — адзначыў гендырэктар МТЗ Аляксандр Пухавы, выступаючы ў сераду на гадавым сходзе Рэспубліканскай асацыяцыі прадпрыемстваў прамысловасці «БелАВП».

У МТЗ прымусова даведзены прагноз па тэмпе росту ў 113%. «Не трэба «ірваць» паказчыкі. Калі з такімі падыходамі будзем працаваць, то можа здарыцца сітуацыя, калі мы самі сябе спынім. Трэба глядзець на гэтыя факты рэальна», — заявіў А.Пухавы, звяртаючыся да прысутных на мерапрыемстве прадстаўнікоў урада.

Імкненне забяспечыць рост валавых паказчыкаў на фоне падзення плацежаздольнага попыту, з аднаго боку, выклікала затаварванне складоў, з іншай — абвастрыла фінансавыя праблемы. Пры гэтым падтрымка прамыслоўцаў банкаўскай сістэмай сталася недастатковай. «Камерцыйныя банкі «асцярожнічаюць» з вылучэннем інвестыцыйных рэсурсаў і крэдытаў на абаротныя сродкі, прычым не толькі малому бізнэсу, але і буйному», — панаракаў у сваім выступе старшыня БелАВП Анатоль Харлап. Па ягоным меркаванні, дэфіцыт абаротных сродкаў можна пакрыць толькі за кошт крэдытаў, але 20-25% гадавых пры рэнтабельнасці рэалізацыі прадукцыі 7,2%, якая ў цэлым па прамысловасці атрыманая ў студзеіе-лютым, — гэта непад'ёмна для прадпрыемстваў. Не лепшым чынам ідуць справы і з прадастаўленнем ільготнага фінансавання экспарцёрам у адпаведнасці з Указам ад 25.08.2006 № 534. Сёлета такой падтрымкай плануюць скарыстацца толькі два ўдзельнікі БелАВП.

Дырэктары прамысловых прадпрыемстваў здзіўляюцца, чаму ў той час як у шматлікіх краінах свету крызісу спадарожнічала паніжэнне адсоткавых ставак па крэдытах, у Беларусі яны раслі. У Заходняй Еўропе стаўкі наблізіліся да нулявой адзнакі, В'етнам крэдытуе экспарцёраў пад 1% гадавых, значныя субсідыі прадастаўляе Кітай.

«Пры цяперашніх адсоткавых стаўках беларускім прадпрыемствам не выжыць», — перакананы гендырэктар ААТ «Белшына» Зміцер Кацярыніч. Нажаль, песімістычныя прагнозы аналітыкаў на гэты год спраўджваюцца. Да прыкладу, расейскія шыннікі ўжо скарацілі вытворчасць на 40%. Беларускае прадпрыемства, якое працуе на тых жа рынках, таксама скараціла рэалізацыю. Паніжэнне выручкі і недаступнасць пазыковых сродкаў вымусілі прыпыніць інвестыцыйныя праекты.

Ва ўмовах дэфіцыту «абароткі» прадпрыемствам прыйдзецца трымацца не адзін месяц: крызіс скончыцца яшчэ не хутка, лічыць гендырэктар РУВП «Віцязь» Валер Нікіфараў. Таму важна не проста падтрымаць айчыннага вытворцу фінансамі, але і абараніць яго ад нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку замежных кампаній. Па словах дырэктара, сёння рынак рэспублікі запоўнены бытавой электронікай, якая мае расейскія сертыфікаты паходжання, хоць фактычна заваждаецца з Кітая. Па словах В.Нікіфарава, у органах па сертыфікацыі Расеі квітнее карупцыя, якая, па сутнасці, адчыняе бязмытны шлях на рынак Беларусі таварам з трэціх краін.

Больш за тое, дырэктары заяўляюць аб адкрытай дыскрымінацыі айчыннай прадукцыі на расейскім рынку.

Беларускі ўрад настойліва рэкамендуе прадпрыемствам трымацца за традыцыйны расейскі рынак. Але ўсё большую цікавасць выклікае засваенне новых, у прыватнасці, лацінаамерыканскага і паўночнаафрыканскага рынкаў. Так, пацверджаныя планы будаўніцтва ў 2010 г. у Венесуэле заводаў па зборцы МАЗ і МТЗ, першапачатковая магутнасць вытворчасці трактароў складзе не менш за 5 тыс. адзінак на год.

Праўда, атрымаць прызнанне на новых рынках не проста, і справа гэта не хуткая. «Рынкі — не грыбы ў лесе шукаць, – заўважыў кіраўнік МТЗ. – На гэта сыходзяць годы».

Пакуль жа Ў.Сямашка ў чарговы раз нагадаў дырэктарам, што ў I паўгоддзі стаіць задача забяспечыць рост ВУП у межах 105-106%, аб'ём прамысловай вытворчасці — не меншы за 100%. А вось зніжаць даведзеныя заданні асобным экспарцёрам пакуль не плануецца.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках