25 снежня 2024, Серада, 16:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З ліпеня Беларусь будзе купляць расейскі газ па 200 даляраў

29
З ліпеня Беларусь будзе купляць расейскі газ па 200 даляраў

Аб тым, што кошт расейскага газу для Беларусі з ліпеня складзе $200-205 за тысячу кубаметраў, паведаміў на Беларускім прамысловым форуме першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.

«Сёння (кошт газу для Беларусі складае - ІФ) $147 за 1 тыс. куб. м, а з 1 ліпеня дзесьці будзе на ўзроўні $200-205 за 1 тыс. куб», - цытуе чыноўніка «Інтэрфакс».

Уладзімір Сямашка паспрабаваў змякчыць уражанне ад сваёй заявы, падкрэсліўшы, што расейскі газ для Беларусі заўсёды будзе таннейшы, чым для Еўропы. Ён растлумачыў, што транспартны складнік ніжэйшы, чым пры пастаўках з Расеі ў Еўропу. Акрамя таго, працягнуў першы віцэ-прэм'ер, «адна з заваёваў «саюзнай дзяржавы» тое, што газ пастаўляецца бяспошлінна».

Упершыню сёлета «Белтрансгаз» пачаў плаціць па еўрапейскай схеме, якая прадугледжвае штоквартальнае пераацэньванне газу. Нагадаем, што ў пачатку года беларускія чыноўнікі хавалі рэальны кошт на расейскі газ для Беларусі, пасля ад расейскіх і беларускіх чыноўнікаў паступала супярэчлівая інфармацыя. Паведамлялася, што аб умовах паставак расейскага газу ў Беларусь сёлета Дзмітрый Мядведзеў і Аляксандр Лукашэнка нібыта дамовіліся яшчэ ў канцы снежня 2008 года, аднак кантракт быў падпісаны толькі ў канцы студзеня 2009 года.

У 2008 годзе сярэдні кошт на газ для Беларусі склаў $125 за 1 тыс.куб.м. У 2009 годзе Беларусь імпартуе 22,1 млрд куб.м газу на $3,27 млрд пры сярэднім кошце $148 за 1 тыс. кубаметраў.

У той жа час амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў летась заяўляў, што газ Беларусь будзе купляць у 2009 годзе па кошце, блізкім да 200 USD/тыс. куб. м, а ў I квартале гэтага года – па 240 USD/тыс. куб. м.

Адзначым, што адным з крытэраў пры вызначэнні кошту за газ для Беларусі з'яўляецца дамоўленасць беларускіх уладаў з расейскім бокам прадаць «Газпраму» 50% акцый «Белтрансгаза». У студзені «Газпрам» разлічыўся за чарговыя 12% акцый і давёў сваю долю ў беларускай кампаніі да 37,5%.

Па звестках расейскай газеты «Коммерсант», падчас апошняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядведзева была дасягнутая дамова аб датэрміновым продажы акцый «Белтрансгаза». Апошнюю частку акцый расейцы павінныя былі выкупіць толькі ў 2010 годзе.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках