27 снежня 2024, Пятніца, 7:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацбанк адмяніў забарону на набыццё валюты на біржы

5

Але банкі павінны настойліва рэкамендаваць сваім кліентам набываць валюту на пазабіржавым рынку.

21 траўня ў Нацыянальным банку адбылася сустрэча з прадстаўнікамі беларускіх банкаў, якім патлумачылі, што забароны няма, і яны ўсёткі могуць задавальняць любыя заяўкі кампаніяў для набыцця валюты на біржы. Пра гэта нам паведаміў прадстаўнік аднаго з беларускіх банкаў, паведамляе БелаПАН.

У той жа час, адзначыў ён, банкірам было сказана, што «банкі павінны настойліва рэкамендаваць кліентам набываць валюту на пазабіржавым рынку». «Аднак калі прадпрыемствы настойваюць на біржы, дык яны павінны набываць валюту там», — распавёў суразмоўца. Пры гэтым ніякіх абгрунтаванняў кліенты рабіць не павінны, патлумачыў ён. Працэдура набыцця валюты не змяняецца.

Праўда, у прэс-службе Нацбанка інфармацыю пра сустрэчу, якая адбылася, і рэкамендацыі банкам, што прагучалі там, пацвердзіць не змаглі, паколькі, як патлумачыў начальнік упраўлення інфармацыі Анатоль Драздоў, каментаваць гэтае пытанне не ўпаўнаважаныя. Кажучы пра сітуацыю, якая склалася ў апошнія дні на валютнай біржы, у выніку якой імпарцёры не могуць набыць валюту для разлікаў з пастаўшчыкамі, ён адзначыў: «Магу сказаць толькі адно. Любы камерцыйны банк абавязаны выконваць любое законнае патрабаванне сваіх кліентаў». Той факт, што банкі гэта рабіць не могуць з-за сакрэтнай забароны на набыццё валюты, прадстаўнік Нацбанка пракаментаваў так: «Яны няправільна зразумелі нашыя рэкамендацыі».

Відавочна, Нацбанк спрабуе ўрэгуляваць сітуацыю на валютным рынку і завуаліяваць вусную забарону. Абмежаванні для банкаў на продаж валюты праз біржу паралізавалі працу шматлікіх кампаніяў-імпарцёраў, якія не могуць перавесці беларускія рублі ў валюту і разлічыцца з замежнымі пастаўшчыкамі. У выніку графікі разлікаў парушыліся, што пагражае імпарцёрам штрафнымі санкцыямі за парушэнне кантракту. Акрамя таго, з-за адсутнасці валюты імпарцёры вымушаныя прыпыняць закупку тавараў.

«Тое, што адбываецца апошнімі днямі, абсурд. Мы любыя сюрпрызы чакалі ад уладаў. Але каб такога. Лягчэй, мусіць, яшчэ адну дэвальвацыю перажыць», — адзначыў дырэктар кампаніі-імпарцёра бытавой тэхнікі.

Нагадаем, з 18 траўня банкі прымаюць заяўкі на набыццё валюты на біржы ад кліентаў толькі для разлікаў за пастаўкі медыцынскіх прэпаратаў і на пагашэнне банкаўскіх крэдытаў. Таксама прымаюцца і задавальняюцца заяўкі дзяржаўных прадпрыемстваў, якія атрымалі пісьмовую згоду ад мясцовых уладаў. Банкам прапанавана задавальняць заяўкі кліентаў на набыццё валюты за кошт уласных сродкаў, набыцця яе на пазабіржавым рынку, а таксама за кошт прыцягнення знешніх рэсурсаў.

Аднак набыць валюту на пазабіржавым рынку шматлікім імпарцёрам таксама праблематычна з-за ўзрослага кошту ў параўнанні з афіцыйным курсам. У гэтыя дні некаторыя банкі прадавалі валюту на 5-7% вышэй за курс Нацбанка плюс 10% камісіі. «Гэтую розніцу нікуды не падзенеш. Яе нельга ўключыць у кошт тавара, бо абмежаванні па гандлёвых надбаўках пры фарміраванні кошту ніхто не адмяняў», — адзначыў дырэктар кампаніі.

У сваю чаргу, прадстаўнік аднаго з банкаў паведаміў, што пазабіржавы рынак у гэтыя дні практычна не працаваў. «Рынка як такога не было. Былі толькі спарадычныя пагадненні, гэта значыць ад выпадку да выпадку. Ніхто валюту імкнуўся не прадаваць. У асноўным, набывалі ў кліентаў», — сказаў суразмоўца. Прычым у асобных выпадках курс набыцця складаў 3,5% ад курсу Нацбанка. У сувязі з гэтым, адзначыў ён, Нацбанк на сустрэчы з банкірамі рэкамендаваў банкам, каб курс не толькі продажу, але і набыцця валюты ў кліентаў на пазабіржавым рынку не перавышаў 2% ад афіцыйнага.

Абмежавання на набыццё валюты для імпарцёраў на біржы да пачатку чэрвеня справакавалі ў бізнэс-асяроддзі новыя размовы пра недахоп ў дзяржавы валюты і чарговай дэвальвацыі рубля. Дарэчы, у лісце аднаго з банкаў сваім кліентам пасля атрымання вуснай забароны на набыццё валюты на біржы казалася, што Нацбанк, тлумачачы сваю пазіцыю, «зыходзіць з неабходнасці выканання патрабаванняў МВФ па паказчыку міжнародных ЗВР і абмежаванні імпарту».

Чарговы транш стабілізацыйнага крэдыту (каля 400 млн. даляраў) Беларусь чакае ад МВФ у чэрвені. Перамовы фонду з беларускім урадам яшчэ працягваюцца (місія пабывала ў Менску з 29 красавіка па 13 траўня). Бакі пакуль не ўзгаднілі пазіцыі па шэрагу пытанняў. Аналітыкі не выключаюць, што ўрад не ўкладваецца ў некаторыя параметры па аб'ёмах золатавалютных сродкаў, каб разлічваць на сродкі МВФ. У выніку чаго было вырашана закруціць гайкі на валютным рынку. Аднак, відаць, усё ж перакруцілі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках