23 лiстапада 2024, Субота, 23:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кангрэс ЗША падтрымае дэмакратыю ў Беларусі

3

Амерыканскія ўлады працягваюць змагацца супраць сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў нашай краіне.

На мінулым тыдні на разгляд Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША быў пададзены праект закона, які вызначыць памеры фінансавых сродкаў для забеспячэння замежнай палітыкі ЗША на фінансавыя гады 2010 (кастрычнік 2009 - верасень 2010) і 2011 (кастрычнік 2010 - верасень 2011). У дакуменце ёсць і раздзел, прысвечаны Беларусі - «Падтрымка дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі», паведамляе «Радыё Свабода».

У гэтым раздзеле сказана, што паводле рашэння Кангрэса Злучаныя Штаты Амерыкі павінны падтрымліваць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі, уключаючы:

1) развіццё незалежнага друку, радыё-, тэле- і інтэрнэт-вяшчання на Беларусь і ў Беларусі;

2) развіццё грамадзянскай супольнасці;

3) развіццё дэмакратычных палітычных партыяў;

4) прасоўванне свабоднага, справядлівага і празрыстага выбарчага працэсу;

5) пашырэнне міжнароднага абмену моладзі і студэнтаў;

6) адукацыйныя ініцыятывы, такія як Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні.

Асобным радком адзначаная падтрымка радыё-, тэле-, і інтэрнэт вяшчання на мовах, на якіх размаўляюць людзі ў Беларусі.

Нагадаем, што Дзярждэпартамент ЗША заяўляе пра сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Так у Дакладзе пра становішча з правамі чалавека ў краінах свету за 2008 год, апублікаваным 25 лютага, Дзярждэпартамент сцвярджае, што ўрад Беларусі не выканаў сваіх абавязальніцтваў па правядзенні свабодных і справядлівых выбараў. Ён працягвае абмяжоўваць грамадзянскія свабоды, уключаючы свабоду слова і свабоду сходаў, выкарыстоўвае празмерную сілу пры разгоне мірных дэманстрацыяў пратэсту і пераследуе палітычныя партыі і няўрадавыя арганізацыі (НУА), уключаючы прыцягненне да крымінальнай адказнасці, а таксама працягвае зачыняць і штрафаваць рэлігійныя арганізацыі, ужываць незаконныя метады абыходжання са зняволенымі і затрыманымі і здзяйсняць мноства іншых парушэнняў правоў чалавека.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках