5 лiстапада 2024, aўторак, 3:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінюст пачаў татальную праверку Партыі свабоды і прагрэсу

1

Міністэрства юстыцыі загадала даць справаздачу аб правядзенні ўстаноўчага з'езду аргкамітэта партыі.

За тры дні ад кіраўніцтва партыі патрабуецца сабраць усе дакументы з'езду, а заснавальнікам дасылаюцца дзіўныя лісты. Пра гэта паведаміў БелаПАН лідэр партыі Уладзімір Навасяд.

«21 траўня на адрас кіраўніцтва ПСП прыйшоў ліст з Мінюста. У ім пералічана 10 пунктаў патрабаванняў аб падачы тых ці іншых дакументаў, звязаных са з'ездам. Напрыклад, пратаколаў аб вылучэнні дэлегатаў на з'езд, пратаколу аб норме прадстаўніцтва заснавальнікаў на з'ездзе і гэтак далей. Усе гэтыя дакументы Мінюст патрабуе падаць да 25 траўня. З улікам выходных і таго, што частка дакументаў знаходзяцца ў рэгіёнах, патрабаванні міністэрства з'яўляюцца невыканальнымі», — сказаў палітык.

Акрамя таго, Мінюст рассылае лісты заснавальнікам партыі.

«У іх пытаюцца, ці з'яўляюцца яны заснавальнікамі партыі, ці прымалі ўдзел у выбары дэлегатаў з'езду, калі і дзе гэта адбывалася, колькі чалавек удзельнічала ў сходзе і гэтак далей», — паведаміў Навасяд.

«Відаць, Міністэрства юстыцыі лічыць грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі сваімі аддзеламі, у адрас якіх можна прад'яўляць самыя абсурдныя патрабаванні. Гэта не так. Міністэрства юстыцыі павінна не высоўваць патрабаванні, а ствараць спрыяльныя ўмовы для рэгістрацыі арганізацыяў», - падкрэсліў палітык.

Лідэр ПСП паведаміў, што партыя арганізуе перапіску з Мінюстам, для таго каб павялічыць тэрміны адказу на патрабаванні аб падачы дакументаў, а таксама для высвятлення матываў дзеянняў міністэрства адносна падрабязнай праверкі акалічнасцяў правядзення ўстаноўчага з'езду.

Нагадаем, устаноўчы з'езд ПСП прайшоў 18 красавіка ў Магілёве. У ім прынялі ўдзел 73 дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі. На з'ездзе было абранае кіраўніцтва партыі, прыняты статут, зацверджаная праграма дзейнасці.

Гэта ўжо трэцяя спроба афіцыйнай рэгістрацыі партыі. Раней устаноўчыя з'езды праходзілі ў 2003, 2004 і 2005 гадах. Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі з-за выяўленых ва ўстаноўчых дакументах неадпаведнасцяў дзейснаму заканадаўству, з прычыны парушэння парадку стварэння партыі, а таксама ў выніку прызнання часткі подпісаў заснавальнікаў нясапраўднымі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках