27 лiстапада 2024, Серада, 7:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады абяцалі «згнаіць» Мікалая Аўтуховіча

16

Журналіст «Радыё Свабода» распавядае, як некалькі год таму палітвязню Аўтуховічу пагражаў адзін з кіраўнікоў Гарадзенскай вобласці.

Журналіст «Радыё Свабода» Ягор Маёрчык быў побач з палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам, калі той трымаў галадоўку ў 2003 годзе. За тыдзень знаходжання ў Ваўкавыску журналіст даведаўся аб асабістых якасцях Мікалая Аўтуховіча і стаў сведкай таго, як ваўкавыскаму прадпрымальніку паступалі пагрозы ад мясцовых улад (далей расповяя Ягора Маёрчыка).

Я быў у Ваўкавыску восенню 2003 года падчас галадоўкі пратэсту Мікалая Аўтуховіча і кіраўнікоў фірмы «Ніка-транс» і штодня ў жывым эфіры распавядаў аб ходзе галадоўкі.

За сем дзён знаходжання ў Ваўкавыску больш за ўсё мяне ўразіла тое, што Мікалай Аўтуховіч проста катэгарычна адмаўляўся ад любога палітычнага складніку сваёй справы. Ён казаў, што займаецца бізнэсам, прыносіць карысць гораду, не лезе ў палітыку, а тая сітуацыя, якая склалася - гэта выключна недахопы заканадаўства, неабыякавае стаўленне да яго з боку падатковай інспекцыі.

Усе гэтыя словы ён шмат разоў паўтараў, седзячы ў сваім кабінеце, і ў той час за ягонай спіной на сцяне вісеў партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Ужо пазней ён зняў гэты партрэт і павесіў абраз. А тады ўсяляк ухіляўся ад размоваў аб палітыцы.

Больш за тое, калі да яго паспрабавалі прыехаць і сустрэцца з ім прафсаюзныя актывісты з Гародні, ён загадаў не пушчаць гэтых людзей на тэрыторыю сваёй аўтабазы і паўтарыў, што не хоча мець адносінаў да палітыкі.

У Аўтуховіча было добрае пачуццё гумару - я спадзяюся, яно ў яго і засталося. Вельмі часта, калі трэба было знайсці якое-небудзь выйсце, ён проста жартаваў, і гэта трохі разрдажала атмасферу. У пэўным сэнсе Аўтуховіч - рамантык. Ён мне калісьці прызнаўся, што ідэя стварыць фірму транспартных перавозак у Ваўкавыску паўстала ў яго пасля таго, як ён наведаў свайго сябра ў Гамбургу і ўбачыў, што ўсе таксі - белыя «мэрсэдэсы». І ён падумаў, што ў Ваўкавыску можна зрабіць тое ж самае. І сапраўды, ён прыехаў, закупіў вялікую партыю белых «мэрсэдэсаў», і з гэтага пачалася гісторыя фірмы «Ніка-транс».

Ён заўсёды, можа быць, наіўна, да апошняга часу спадзяваўся на лепшае. Праз год пасля галадоўкі я зноў быў у Ваўкавыску і заходзіў у рэдакцыю «Мясцовай газеты», якую выдаваў Андрэй Шантаровіч. І нечакана там з'явіўся Аўтуховіч. Ён сказаў, што толькі што прыехаў з Гародні, дзе ў аблвыканкаме праходзіла нейкае экстраная нарада ў сувязі з ягонай судовай справай, якая працягвалася шмат месяцаў.

Мы сядзім, размаўляем, і ён кажа, што нешта ён можа сказаць, а нешта не можа, і тут пачулася тэлефанаванне. Аўтуховіч бярэ трубку, і ў яго адразу змяняецца выраз твару. Чалавек, які яму тэлефанаваў, пачаў крычаць так гучна, што тыя, хто прысутнічаў у кабінеце, усё чуліі.

Той чалавек сказаў літаральна наступнае: «Я цябе згнаю! Ты сядзеш у турму! Ты не думай, што ты мацнейшы за мяне! Убачыш, хто з нас пераможа!» Аўтуховіч не захацеў прызнавацца, хто яму тэлефанаваў, але сказаў, што гэта адзін з кіраўнікоў Гарадзенскай вобласці. Уся тэлефонная гутарка быў запісаны на ягоны мабільнік. Я яму пасля гэтага прапаноўваў, што дзеля гарантыі ягонай бяспекі скапірую гэты запіс, і калі з ім раптам нешта здарыцца, было б якое-небудзь сведчанне. Ён адмовіўся, хоць я і паабяцаў, што нідзе не буду гэты запіс распаўсюджваць і нават не буду казаць аб факце існавання запісу. Ён адмовіўся і сказаў, што гэта будзе не зусім карэктна і прыстойна з ягонага боку. Дзе той запіс зараз - я проста не ведаю.

Мікалай Аўтуховіч 14 кастрычніка 2005 года быў асуджаны на 3 гады і 6 месяцаў турмы нібыта за «ухіленне ад падаткаў». Аўтуховіч назваў свой прысуд палітычным. У знак пратэсту супраць несправядлівага пераследу ён неаднаразова праводзіў галадоўкі. Адна з іх доўжылася больш за 70 дзён. За гэты час прадпрымальнік страціў 40 кілаграмаў вагі і значна падарваў здароўе.

Сама ўлада прызначыла ваўкавыскага прадпрымальніка ў «палітычныя». Калі ён быў абвешчаны ў вышук, у арыентоўках, якія былі развешаныя ва ўсіх участках міліцыі, было напісана: «Аўтуховіч М.М. негатыўна ставіцца да існуючага палітычнага ладу і Кіраўніка дзяржавы».

18 студзеня 2008 года Мікалай Аўтуховіч быў вызвалены з турмы.

Аднак 8 лютага 2009 года Мікалай Аўтуховіч разам з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам былі арыштаваныя і змешчаныя ў менскае СІЗА №1. Іх абвінавацілі ў наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанні маёмасці, вінаватыя ў якіх людзі ўжо даўно адбывалі пакаранне.

16 красавіка 2009 года, паколькі справа практычна не вядзецца, Аўтуховіч абвясціў бестэрміновую галадоўку, патрабуючы больш хуткага разгляду справы ў судзе альбо змены меры стрымання. Ідзе другі месяц галадоўкі - 42-ы дзень. Стан здароўя Аўтуховіча пагаршаецца з кожным днём, у яго сур'ёзныя праблемы з печанню.

Тэрміны расследавання справы і тэрмін утрымання пад вартай ваўкавыскім прадпрымальнікам падоўжылі да 3 чэрвеня.

Праваабаронцы лічаць прадпрымальнікаў вязнямі сумлення і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення. Варта адзначыць, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо адбывалі пакаранне і былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю палітвязнямі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках