27 снежня 2024, Пятніца, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму Андрэа Рыгоні ігнаруе рашэнні ПАРЕ?

21

Палітычны камітэт Рады Еўропы абмеркаваў 26 траўня даклад Андрэа Рыгоні аб сітуацыі ў Беларусі. Высновы даклада супярэчаць не толькі здароваму сэнсу, але і духу статуту ПАРЕ.

...перакананыя, што ўмацаванне міру, заснаванага

на справядлівасці і міжнародным супрацоўніцтве, адказвае жыццёвай

неабходнасці захавання чалавечага грамадства і цывілізацыі, ізноў

сцвярджаючы сваю прыхільнасць духоўным і маральным каштоўнасцям, якія

з'яўляюцца агульным здабыткам іх народаў і сапраўднай крыніцай прынцыпаў

свабоды асобы, палітычнай свабоды і вяршэнства Права, якія ляжаць у

падмурку любой сапраўднай дэмакратыі...

З прэамбулы Статуту Рады Еўропы


Дакладчык прапанаваў ізноў надаць Беларусі статус спецыяльна запрошанага, які дазваляе дэпутатам «парламента» краіны ўдзельнічаць у працы ПАРЕ. Аднак прэзэнтаваны даклад з'яўляецца вельмі спрэчным. Шмат якія пункты дакладу Рыгоні з'яўляюцца дыскусійнымі, утрымліваюць выпадковыя ці свядомыя недагаворванні, якія ствараюць недакладнае ўяўленне пра тое, што адбываецца ў Беларусі, а асобныя пункты даклада ўтрымліваюць адкрытую ману.

Так у другім пункце даклада кажацца «…у перыяд паміж студзенем і жніўнем 2008, дзевяць апазіцыянераў, якія лічыліся палітычнымі зняволенымі, былі вызваленыя, уключаючы былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. У выніку з таго часу ў Беларусі няма міжнародна-прызнаных палітвязняў…" Тым не менш, у красавіку аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала 11 маладых актывістаў Вязнямі сумлення. Паводле заяваў праваабаронцаў абмежаванне волі мае настолькі жорсткія межы і ўмовы, што яго можна прыраўняць да ўтрымання пад вартай. У 14 пункце даклада згадваецца пра трох Ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, але ні слова не кажацца пра недарэчнасць прад'яўленых ім абвінавачванняў і пра тое, што Мікалай Аўтуховіч ужо больш за сорок дзён трымае небяспечную для жыцця галадоўку з патрабаваннем публічнага суду ці змены меры стрымання.

Нарэшце, у дакладзе ні словы не кажацца пра тое, што ў хуткім часе адбудуцца суды над вязнямі сумлення, удзельнікамі «працэсу 14-ці» Арцёмам Дубскім і Максімам Дашуком нібыта за парушэнне правілаў адбыцця пакарання. Варта звярнуць увагу, што артыкул 415, у парушэнні якога абвінавачваюцца маладыя людзі, прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі, прычым, ніякая іншая форма пакарання акрамя пазбаўлення волі гэтым артыкулам не прадугледжаная. Такім чынам, дакладчык Рыгоні сціпла замоўчвае, што ў выніку «важных пераўтварэнняў», праведзеных беларускімі ўладамі, колькасць беларускіх палітвязняў павялічылася з 9 да 14, з якіх 11 з'яўляюцца «міжнародна-прызнанымі».

Акрамя таго, не згадваецца ў дакладзе і салігорская праваабаронца Яна Палякова, якая не ўваходзіць у лік палітвязняў толькі таму, што была даведзеная да самагубства працяглым цкаваннем і несправядлівым судом, які прысудзіў яе да двух гадоў «абмежавання волі».

Аўтар дакладу вітае рэгістрацыю грамадскага аб'яднання «За Свабоду!», а таксама допуск у дзяржаўныя друкарні і сеткі распаўсюду газетаў «Народная Воля», «Наша Ніва» і «Узгорак». Свядома ці не, але дакладчык не згадаў, што сумарны тыднёвы тыраж гэтых газетаў складае ўсяго некалькі адсоткаў ад штодзённага тыражу адной толькі «Советской Белоруссии», а рэгістрацыя аб'яднання «За Свабоду!» сталася адзінай у такога кшталту, у той час, як усе іншыя арганізацыі атрымалі неабгрунтаваныя адмовы ў рэгістрацыі. Не згадваецца ў дакладзе і пра цэлы шэраг выпадкаў міліцэйскага і судовага пераследу журналістаў, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі, калі журналісты былі арыштаваныя, асуджаныя і аштрафаваныя ў буйным памеры толькі за асвятленне акцыяў апазіцыі. Не кажацца і пра тое, колькі нацыянальных і рэгіянальных незалежных выданняў спынілі сваё існаванне ў апошнія гады з-за ціскі ўладаў.

У 4-м пункце дакладу «пазітыўнымі зменамі» аўтар называе стварэнне «кансультатыўных саветаў» пры адміністрацыі прэзідэнта. На справе гэтыя «саветы» не маюць ніякіх паўнамоцтваў, і з'яўляюцца, па сутнасці, дыскусійнымі клубамі. «Саветы» фарміруюцца з людзей, якіх прызначае ўлада. Супраць апанентаў улады, якія ўвайшлі ў «саветы», праводзіцца брудная кампанія дыскрэдытацыі ў дзяржаўных СМІ.

«Пераўтварэнням дадае важнасць той факт, што яны адказваюць патрабаванням, якія зыходзяць ад Еўрапейскіх арганізацыяў, і што яны распачатыя ў кантэксце аднаўлення палітычнага дыялогу з Беларускім кіраўніцтвам», кажацца ў 6-м пункце даклада. Не зразумела, якія патрабаванні мае на ўвазе дакладчык. У сапраўднасці, ні па адным з 12 патрабаванняў аб дэмакратызацыі Беларусі не было адзначана нейкага істотнага прагрэсу.

У пункце 12 свайго дакладу Андрэа Рыгоні захапляецца гатоўнасцю беларускіх уладаў рэфармаваць выбарчае заканадаўства сумесна з БДІПЧ/АБСЕ. Чаго ў сапраўднасці вартая такая гатоўнасць, стала канчаткова зразумела пасля заявы кіраўнічкі ЦВК Беларусі, зробленай 20 траўня. Л.Ярмошына заявіла што ў сумесна распрацаваных зменах «няма наогул якіх-небудзь навэлаў, якія б змянялі выбарчую сістэму Беларусі» і што «проста змяняюцца некаторыя выбарчыя тэхналогіі, арганізацыйныя пытанні». А 27 траўня кіраўнік офіса АБСЕ у Менску Х.-Ё. Шмідт заявіў, што эксперты БДІПЧ і Венецыянскай камісіі маюць намер разглядаць прапановы і даваць заключэнне толькі на прапановы беларускіх уладаў. Як бачым, і тут няма асаблівых падставаў для захапленняў.

Тым не менш, дакладчыку ПАРЕ, так хочацца пераканаць калегаў у тым, што беларускія ўлады сталі на шлях дэмакратызацыі, што ён адзначае адстаўку Уладзіміра Навумава з пасады міністра ўнутраных справаў, якую ён займаў з 2000 года. Дакладчык адзначае, што Навумава лічаць датычным да знікненняў палітычных апанентаў у 1999-2000 гадах, і з гэтай прычыны, яму забаронены ўезд у краіны ЕЗ. Варта заўважыць, што адстаўка Навумава можа быць звязаная з чым заўгодна, але толькі не з расследаваннем знікненняў лідэраў апазіцыі і журналіста, якое практычна не вядзецца. Акрамя таго, адстаўка Навумова ніяк не паўплывала на паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека. Беларуская міліцыя па-ранейшаму з'яўляецца прыладай палітычнага тэрору, па-ранейшаму, груба парушаецца права беларускіх грамадзянаў на свабоду сходаў. Удзельнікаў мірных дэманстрацыяў пратэсту збіваюць і арыштоўваюць. Ды і сам Навумаў застаецца высокапастаўленым чыноўнікам, узначальваючы беларускую хакейную федэрацыю. Спроба падаць адстаўку У. Навумава як праяву дэмакратызацыі не вытрымлівае ніякай крытыкі.

Тым не менш, у пункце 18 кажацца «Улічваючы гэта, нягледзячы на тое, што Беларусь далёкая ад стандартаў Рады Еўропы ў сферы дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека, яе кіраўніцтва зрабіла важныя крокі ў правільным накірунку…»

Са сказанага вышэй мы бачым, што ў дакладзе відавочна перабольшана значэнне і важнасць «крокаў у правільным накірунку». На справе прынятыя пэўныя касметычныя меры, для ўвядзення у зман міжнароднай супольнасці, у тым ліку Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. Ніводная з умоваў па дэмакратызацыі Беларусі не была выкананая, не адбылося ніякіх сістэмных зменаў. Дагэтуль існуе небяспека ўвядзення ў дзеянне новага закона аб СМІ і закона аб супрацьдзеянні экстрэмізму, што паставіць незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасць ў яшчэ больш цяжкое становішча.

Дзіўнымі з'яўляюцца таксама сцверджанні пунктаў 17 і 22 пра нібыта дэ-факта існуючы мараторый на смяротнае пакаранне, і што нібыта смяротнае пакаранне ў Беларусі не ўжывалася з лютага 2008 года. Па-першае, незразумела, што такое «мараторый дэ-факта», па-другое, паводле заяваў «Міжнароднай Амністыі», у цяперашні момант у Беларусі ўсё яшчэ ўжываецца смяротнае пакаранне ў якасці вышэйшай меры пакарання. Каардынатар «Міжнароднай Амністыі» Хізэр Макгіл заявіла:

«Ужыванне смяротнага пакарання ў Беларусі мае пэўныя характарыстыкі: таямніца, якая ахутвае выкананне саміх прысудаў, адсутнасць афіцыйнай статыстыкі пра колькасць пакаранняў смерцю, інфармацыі пра людзей, у дачыненні да якіх гэтая мера была ўжытая. Што яшчэ больш жорстка, гэта тое, што саміх прысуджаных не апавяшчаюць загадзя пра дату, калі прысуд будзе прыведзены ў выкананне. Іх сваякам гэтага таксама не кажуць і не даюць іншай інфармацыі, а таксама не выдаюць цела пакаранага смерцю».

У сувязі з выяўленымі недакладнасцямі ў апісальнай частцы праекту рэзалюцыі прапанова, якая ўтрымліваецца ў пункце 19.1 «адмяніць прыпыненне статусу спецыяльна запрошанага для Парламента Беларусі» выглядае цалкам нелагічнай, асабліва ў святле 12 пункта таго ж дакладу, у якім сказана, што парушэнні падчас парламенцкіх выбараў 28 верасня 2008 года «непазбежна выклікаюць сумневы ў рэпрэзентатыўнасці парламента, куды не патрапіў ніводзін апазіцыйны кандыдат».

Нагадаем, што беларускі «парламент» быў пазбаўлены статусу спецыяльна запрошанага ў ПАРЕ пасля незаконнага рэферэндуму 24 лістапада 1996 года з двух прычынаў: спосаб, якім быў зменены беларускі парламент, пазбавіў яго дэмакратычнай легітымнасці; канстытуцыйныя змены, прынятыя на рэферэндуме, з'яўляюцца незаконнымі, не адказваюць мінімальным дэмакратычным стандартам і парушаюць прынцыпы падзелу ўладаў і вяршэнства закона.

У студзені 2004 года Бюро Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы пацвердзіла рашэнне аб пазбаўленні беларускага «парламента» статусу спецыяльна запрошанага ў ПАРЕ на падставе таго, што падставы, на якіх было прынятае рашэнне, дагэтуль не ліквідаваныя.

У красавіку 2004 годы ПАРЕ прыняла рэзалюцыю 1371 (2004), у адпаведнасці з якой нефармальная прысутнасць чальцоў беларускага «парламента» на сесіях ПАРЕ недарэчная да таго часу, пакуль не будуць расследаваныя справы, звязаныя са знікненнем апанентаў улады.

Як мы бачым, ніводная з прычынаў, паводле якіх беларуская «палатка» была пазбаўленая статусу спецзапрошанага, не ліквідаваная. Наадварот, у параўнанні з 1997 ці 2004-м годам, калі прымаліся рашэнні, сітуацыя з правамі чалавека і свабодай слова ў Беларусі толькі пагаршалася.

Не хочацца верыць, што даклад мае на мэце свядомае ўвядзенне ў зман чальцоў палітычнага камітэта ПАРЕ. Аднак, улічваючы шматгадовы досвед працы А.Рыгоні у міжнародных структурах і італьянскім Парламенце, спісаць усё на элементарны непрафесіяналізм таксама не атрымліваецца.

Аляксандр Атрошчанкаў, «Еўрапейская Беларусь»

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках