27 снежня 2024, Пятніца, 1:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дачка палітвязьня Лявонава: «Я ня веру ў справядлівы суд на бацькам»

2

Родным Юрыя Лявонава дагэтуль не дазволілі ні воднага спадкання.

Лісты яму таксама не даходзяць. Пра гэта дачка палітзьняволенага Юлія Міхнюк распавяла «Радыё Свабода».

- Ваш бацька Юры Лявонаў знаходзіцца за кратамі ад 8 лютага, як і ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка. Мікалай Аўтуховіч ад 16 красавіка трымае галадоўку пратэсту. Сваякам Уладзімера Асіпенкі болей як праз 3 месяцы пасьля арышту дазволілі спатканьне зь ім у сьледчым ізалятары. Ці атрымалі вы дазвол на спатканьне?

- Я тэлефанавала сьледчаму 26 траўня, хацела запытацца, ці ёсьць магчымасьць спатканьня, ці варта ўвогуле пісаць заяву, паколькі ён мне заўсёды адмаўляў у спатканьнях, матываваў тым, што гэты дрэнна паўплывае і на сьледзтва. і на падсьледчага, майго бацьку. Ён мне сказаў, каб мы вярнуліся да гэтага пытаньня праз тыдзень. Я сказала, што ператэлефаную яму ў наступны аўторак. На гэтым размова скончылася.

- Як Вы атрымліваеце інфармацыю пра справу бацькі, пра стан ягонага здароўя?

- Навіны пра бацьку я даведваюся толькі праз адваката, паколькі лісты ад яго пачалі прыходзіць толькі з нядаўняга часу. Ад нас бацька ўвогуле лістоў ніякіх не атрымліваў, ніводнага за чатыры месяцы.

- А колькі вы даслалі?

- Я -- тры лісты і маці даволі вялікі пачак лістоў даслала. Але нічога яму не прыходзіла.

- Ці моцна зьмяніўся ваш бацька пасьля першага зьняволеньня? Пасьля першай турмы?

- Вонкава зьмяніўся. Крыху схуднеў, з турмы вярнуўся без вусоў, але яны ў яго дома ізноў адрасьлі. Унутрана, як мне падаецца, не зьмяніўся.

- Скажыце, калі ласка, гэтым разам вас падтрымліваюць сябры, калегі бацькі?

- Канечне. Ніхто не адвярнуўся, ані з боку бацькі, ані мае сябры і знаёмыя, наадварот падтрымліваюць, і гэта важна для нас на гэты момант. Такім чынам, з гэтым праблемаў няма.

- Ваўкавыск -- не такі вялікі горад. Там, напэўна, ведаюць Юрыя Лявонава . Што ў горадзе людзі гавораць пра зьняволеньне яго, Аўтуховіча і Асіпенкі?

- Насамрэч, тыя людзі, якія ведаюць майго бацьку, спачуваюць нам, супакойваюць, кажуць, што праўда пераможа ў краіне. А тыя людзі, якія ня ведаюць бацьку і чытаюць мясцовыя газэты, гавораць, што з майго бацькі робяць нейкага тэрарыста.

- Вы кантактуеце цяпер з дачкой Уладзімера Асіпенкі. Раскажыце, калі ласка, пра ягоную сям’ю?

- Мы з Людай Асіпенкай пачалі супрацоўнічаць з самых першых дзён пасьля арышту. Я пазнаёмілася таксама з жонкай Уладзімера Асіпенкі. Гэта жанчына даволі прыемная, добразычлівая. Усё, што ў нашых сілах, мы будзем рабіць. Зь Людай мы часта сустракаемся, размаўляем, абмяркоўваем навіны, якія мае яна, і якія маю я.

- Дата суду пакуль не прызначаная. Вы верыце ў справядлівы суд па вашым бацькам?

- Не, я ў гэта ня веру. Я магу вам адразу гэта сказаць, паколькі правасудзьдзя ў нас у краіне абсалютна ніякага няма.

Нагадаем, у ліпені 2006 году прадпрымальнік Юры Лявонаў быў асуджаны да пазбаўленьня волі на тры гады і пяць месяцаў па надуманых абвінавачаньнях. Адбываў пакараньне ў Бабруйску ў папраўчай калёніі № 2 строгага рэжыму. Прэзыдыюм Гарадзенскага абласнога суду задаволіў пратэст старшыні гэтага суду, які прасіў зьменшыць тэрмін пакараньня Юрыя Лявонава да паўтара году. Выйшаў на свабоду ў студзені 2008 годзе.

Вось што ён сказаў у інтэрвію журналістам па выхадзе з турмы:

«Я да апошняга моманту ня верыў у магчымасьць трапіць за краты, таму што не лічыў і не лічу сябе ў чымсьці вінаватым, гэта датычыцца і таго абвінавачаньня, якое выставіў мне ў Горадні ў Ленінскім раённым судзе судзьдзя Рачынскі. Зь іншага боку, знаходзячыся ў момант вынясеньня прысуду ў судовай залі, я быў гатовы да любога павароту падзеяў. У першыя дні зьняволеньня больш за ўсё мяне турбаваў лёс жонкі і дзяцей: ці не адаб’ецца маё зьняволеньне на іх, як яны змогуць пражыць без асноўнага заробку? І толькі калі, будучы ў гарадзенскай турме, я атрымаў выразныя запэўніваньні маіх сяброў, што матэрыяльна мая сям’я будзе забясьпечаная, мае думкі пераключыліся на іншыя праблемы — працу і грамадзянскую пазыцыю».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках