24 снежня 2024, aўторак, 21:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску пачалася галадоўка салідарнасці з палітвязнямі

15

Вядомыя ў Беларусі людзі абвесцілі галадоўку ў падтрымку лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі.

Як было заяўлена сёння на прэс-канферэнцыі ў офісе Партыі БНФ, сярод удзельнікаў галадоўкі -- актывісты міжнароднай грамадскай арганізацыі «Малады Фронт» Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка і Андрэй Цянюта, экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітвязень Аляксандр Казулін, лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, былыя палітвязні Андрэй Кім, Арцём Дубскі, Сяргей Парсюкевіч, Міхаіл Марыніч, Сяргей Скрабец, старшыня аргкамітэта па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч, лідэр каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў і іншыя.

Актывісты «Маладога фронту» будуць галадаць непасрэдна ў офісе Партыі БНФ, астатнія — па месцы жыхарства, паведамляе БелаПАН.

Удзельнікі галадоўкі патрабуюць зняць абвінавачванні з ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, неадкладна вызваліць іх, а таксама рэабілітаваць усіх палітвязняў у краіне і спыніць пераслед грамадзянаў па палітычных матывах.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі Аляксандр Казулін, галадоўнікі патрабуюць толькі аднаго — каб у краіне выконваўся закон.

«Мы добра бачылі, як па адным слове Лукашэнкі пад падпіску аб невыяздзе выпускаюць забойцаў. Аднак не выпускаюць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, якія, па сутнасці, злачынцамі не з'яўляюцца. Мы не патрабуем нічога звышнатуральнага. Мы, як і Мікалай Аўтуховіч, патрабуем альбо ў хуткім часе перадаць іх справу ў суд, альбо выпусціць іх пад падпіску аб невыяздзе. Мы ведаем, што ў дачыненні да іх следчых дзеянняў не вядзецца, і не разумеем, чаму яны знаходзяцца пад вартай», — сказаў палітык.

Пры гэтым Казулін адзначыў, што ўдзельнікі акцыі салідарнасці будуць галадаць «хто колькі зможа — дзень, два, тры, ці два-тры тыдні — у залежнасці ад іх стану». Удзельнікі акцыі заклікалі ўсіх неабыякавых людзей далучацца да галадоўкі салідарнасці.

Моладзевы лідэр Андрэй Кім адзначыў, што зараз ідзе гаворка пра жыццё Аўтуховіча. І наступнай акцыі салідарнасці 16 дня ён можа не дачакацца. Апазіцыянер заклікаў усіх неабыякавых кожны вечар, у 18.00 выходзіць на Кастрычніцкую плошчу, каб таксама выказаць сваю салідарнасць з арыштаванымі.

Актывісты прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя «Міжнароднай амністыяй» вязнямі сумлення.

16 красавіка Аўтуховіч абвясціў галадоўку. Ён патрабуе ў найкарацейшы тэрмін альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным па гэтай справе меру стрымання з утрымання ў следчым ізалятары пад вартай на падпіску аб невыяздзе.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках