23 лiстапада 2024, Субота, 17:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У галадоўцы салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам удзельнічаюць ужо 20 чалавек

Да бестэрміновай галадоўкі салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Ўладзімірам Асіпенкам далучылася яшчэ сем грамадскіх актывістаў.

Як паведаміў БелаПАН адзін з галадаючых, былы палітвязень Андрэй Кім, да бестэрміновай галадоўкі далучылася Мар'яна Груздзіловіч, якая будзе галадаць дома, актывістка БХД Ірына Губская, а таксама сябр моладзевай арганізацыі "Малады фронт" Глеб Снаркін. Плануецца, што яны будуць галадаць у офісе Партыі БНФ разам з асноўнай групай удзельнікаў акцыі салідарнасці.

Таксама да галадоўкі далучыліся Сяргей Антошанкаў, які жыве ў Францыі Ігар Кісель і Алег Алкаеў, які жыве ў Германіі. Яны будуць галадаць па месцы жыхарства. Таксама аб далучэнні да "хатняй галадоўкі" заявіў сябар Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Зміцер Буценка.

У дадзены момант у галадоўцы салідарнасці ў розных формах прымаюць удзел 20 чалавек.

"Настрой у нас выдатны. Ноч прайшла вельмі добра, — сказаў Андрэй Кім, які галадае ў офісе Партыі БНФ. — Тут вельмі сяброўская атмасфера, мы разам молімся, абмяркоўваем розныя справы і праблемы. Я думаю, тым, хто галадае дома, значна цяжэй без той падтрымкі, якая адчуваецца тут".

Яшчэ адзін галадаючы, сябар "Маладога фронту" Мікалай Дземідзенка адзначыў, што галадаючых у офісе Партыі БНФ рэгулярна наведваюць. "Кожны дзень да нас прыходзяць журналісты, людзі, якія ведаюць аб галадоўцы, прыносяць ваду. Таксама наведвальнікі офіса заходзяць да нас. Кожны дзень нас наведвае адзін з заснавальнікаў БХД Павел Севярынец. Сумаваць нам не даюць", — сказаў М.Дземідзенка.

Як паведамілі галадаючыя, самаадчуванне ва ўсіх нармальнае, і на здароўе яны пакуль не скардзяцца.

Як раней паведамлялася, 4 мая шэраг палітычных і грамадскіх дзеячаў Беларусі абвясцілі бестэрміновую галадоўку ў падтрымку затрыманых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, якія ўтрымоўваюцца ў сталічным СІЗА № 1. Сярод удзельнікаў галадоўкі — экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, былыя палітвязні Андрэй Кім, Мікола Статкевіч, Сяргей Скрабец, лідэр кардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў.

Удзельнікі галадоўкі патрабуюць зняць абвінавачванні з Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі, неадкладна вызваліць іх, а таксама рэабілітаваць усіх палітвязняў у краіне і спыніць пераслед грамадзян па палітычных матывах.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках