28 снежня 2024, Субота, 18:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь чакаюць у Еўропе, але без дыктатара

12

Сёння ў Празе адчыняецца саміт Еўрапейскага звяза «Усходняе партнёрства».

Форум, удзельнікамі якога стануць прадстаўнікі Еўразвяза, Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны, пройдзе ў пражскім Кангрэс-цэнтры, дзе адкрыецца ў 17.00 па менскім часе.

У Еўрапейскай камісіі лічаць, што ініцыятыва «Усходняе партнёрства» прывядзе да паглыблення палітычных і эканамічных адносінаў, узмацнення энергетычнай бяспекі, павялічыць мабільнасць і дасць дадатковую падтрымку прадэмакратычным і рынкава арыентаваным рэформам у краінах-партнёрах ЕЗ.

У цэлым на рэалізацыю праграмы на перыяд з 2009 па 2013 гады вылучана 600 мільёнаў еўра для ўсіх шасці краінаў, якія патрапяць пад дзеянне гэтай праграмы.

Еўрапейскую камісію на саміце будзе прадстаўляць Жазэ Мануэль Барозу і Беніта Ферэра-Вальднер. Саміт будзе прымаць прэм'ер-міністр Чэхіі, якая ў цяперашні час старшынюе ў ЕЗ, Мірэк Тапаланэк.

Напярэдадні саміту прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу заявіў пра жыццёвую важнасць для ЕЗ новай ініцыятывы «Усходняе партнёрства».

«Надыйшоў час для бачных крокаў, каб унесці змены ў адносіны з нашымі ўсходнееўрапейскімі партнёрамі. Інтэнсіфікацыя адносінаў з гэтымі краінамі з'яўляецца жыццёвым інтарэсам для ЕЗ, ставячы за мэту палітычную асацыяцыю і эканамічную інтэграцыю для прасоўвання большай стабільнасці і бяспекі на ўсходніх межах ЕЗ», - заявіў прэзідэнт ЕК.

Прэзідэнт Еўракамісіі лічыць, што праз «Усходняе партнёрства» Еўразвяз таксама «дэманструе салідарнасць з партнёрамі, якія глыбока закранутыя наступствамі бягучага фінансавага і эканамічнага крызісу».

У сваю чаргу еўрапейскі камісар па пытаннях знешніх стасункаў і еўрапейскай палітыкі суседства Беніта Ферэра-Вальднер адзначыла, што Усходняе партнёрства «пабудаванае на агульных інтэрасах і каштоўнасцях, якія падзяляюцца».

«Гэта - рамкі для доўгатэрміновых адносінаў і супрацоўніцтва з ЕЗ. УП дасць дадатковую падтрымку нашым усходнім партнёрам адначасова з тым, як яны прытрымліваюцца сваіх індывідуальных імкненняў для больш цесных адносінаў з ЕЗ, у прыватнасці, больш дапамогі ў правядзенні разам зададзеных рэформаў», - сказала еўракамісар, дадаўшы: «Набліжэнне нашых партнёраў да стандартаў ЕЗ у палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах прывядзе нас усіх да большай мабільнасці, большага гандлю і павелічэння дабрабыту».

Па словах Б.Ферэра-Вальднер праца над УП ужо пачатая, і першая шматбаковая сустрэча адбудзецца ў наступным месяцы.

У складзе афіцыйнай дэлегацыі Беларусі на саміт палітыкі «Усходняга партнёрства» паехалі першы намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка і міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў.

Раней супраць прыезду на саміт ЕЗ беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі выказаўся прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс. Ён заявіў, што не прыме яго ў сваёй рэзідэнцыі і не падасць яму рукі.

Кіраўнік камісіі чэшскага Сената па падтрымцы дэмакратыі ў свеце Уласціміл Сегнал таксама катэгарычна супраць прыезду Лукашэнкі ў Прагу. «Мы проста не павінны дазволіць яму пакінуць самалёт», - адзначыў палітык.

Еўракамісар па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Беніта Ферэра-Вальднер адзначыла, што кіраўнік МЗС Чэхіі Карэл Шварцэнберг запрасіў на саміт ЕЗ не асабіста Аляксандра Лукашэнку, а Беларусь.

Рэзка раскрытыкаваў ідэю запрасіць беларускага кіраўніка ў Прагу кіраўнік МЗС Нідэрландаў.

«Мы будзем крытыкаваць беларускага кіраўніка ў Празе, і гэтага нам ніхто не забароніць. Калі краіны «Усходняга партнёрства» хочуць паўнапраўных і партнёрскіх адносінаў з ЕЗ, дык хай паважаюць нашыя каштоўнасці. А нашыя каштоўнасці - гэта дэмакратыя і павага правоў чалавека», - заявіў міністр замежных справаў Нідэрландаў Максім Ферхаген.

Беларускія апазіцыйныя палітыкі і праваабаронцы таксама неаднаразова заяўлялі, што візіт Аляксандра Лукашэнкі немагчымы, пакуль у турмах краіны знаходзяцца палітвязні, працягваюцца рэпрэсіі супраць апазіцыі, адбываецца фальсіфікацыя вынікаў выбараў, не расследуюцца справы аб выкраданнях і забойствах лідэраў беларускай апазіцыі і журналіста.

Сёння беларускія палітэмігранты правядуць у сталіцы Чэхіі мітынг у сувязі з запускам праграмы Еўразвяза «Усходняе партнёрства» і ўдзелам у саміце афіцыйнай беларускай дэлегацыі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках