24 снежня 2024, aўторак, 16:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чацвёрты дзень галадоўкі салідарнасці: дыпламатаў заклікаюць наведаць у турме Аўтуховіча (Фота)

Больш чым ўдвая павялічылася колькасць удзельнікаў галадоўкі салідарнасці з палітвязнямі, якая праходзіць у штаб-кватэры Партыі БНФ.

6 траўня да чатырох актывістаў «Маладога фронту», якія абвясцілі бестэрміновую галадоўку, далучыся яшчэ 7 чалавек, паведамляе «Радыё Свабода».

«Таксама аб удзеле ў галадоўцы нам паведамілі некалькі простых грамадзянаў. Гэтыя людзі выказваюць салідарнасць з ўсімі рэпрэсаванымі ў Беларусі», -- сказаў актывіст «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка. Разам з ім у штаб-кватэры Партыі БНФ галадаюць Наста Палажанка, Андрэй Цянюта і ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Арцём Дубскі.

«Я вырашыў падтрымаць Аўтуховіча, таму што ён зараз знаходзіцца на мяжы смерці, -- кажа актывіст «Маладога фронту» з Гомелю Андрэй Цянюта. – Наш маральны абавязак яго падтрымаць і прыцягнуць увагу грамадскасці да яго справы».

Сёння прадстаўнікі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) перададуць у амбасады, якія акрэдытаваныя ў Менску, спецыяльны зварот.

«Мы робім акцэнт на наяўнасці ў Беларусі палітвязняў, а таксама заклікаем правесці маніторынг сітуацыі і не хавацца ад гэтай праблемы, -- кажа старшыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька. -- І мы просім замежных дыпламатаў, якія працуюць у Беларусі, каб яны паспрабавалі наведаць Аўтуховіча і тых моладзевых актывістаў, якія галадаюць у знак салідарнасці з ім».

Адзначым, што 6 траўня да бестэрміновай галадоўкі салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам далучылася яшчэ сем грамадскіх актывістаў: звольненая за Дзень Волі выкладчыца Марыяна Груздзіловіч, якая будзе галадаць дома, актывістка БХД Ірына Губская, а таксама сябра моладзевай арганізацыі «Малады фронт» Глеб Снаркін. Таксама да галадоўкі далучыліся Сяргей Анташэнкаў, Ігар Кісель, які жыве ў Францыі, і Алег Алкаеў, які жыве ў Нямеччыне. Яны будуць галадаць па месцы жыхарства. Таксама аб далучэнні да «хатняй галадоўкі» заявіў сябра Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Зміцер Бутэнка.

Як раней паведамлялася, 4 траўня шэраг палітычных і грамадскіх дзеячаў Беларусі абвясцілі бестэрміновую галадоўку ў падтрымку затрыманых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, якія ўтрымоўваюцца ў сталічным СІЗА № 1. Сярод удзельнікаў галадоўкі — экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, былыя палітвязні Андрэй Кім, Мікалай Статкевіч, Сяргей Скрабец, лідэр кардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў.

Удзельнікі галадоўкі патрабуюць зняць абвінавачванні з Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі, неадкладна вызваліць іх, а таксама рэабілітаваць усіх палітвязняў у краіне і спыніць пераслед грамадзянаў па палітычных матывах.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках