26 снежня 2024, Чацвер, 6:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Усходняе партнёрства» патрабуе ад беларускіх уладаў паважаць правы чалавека

7

Па выніках саміту Еўразвяза па праграме «Усходняга партнёрства» была прынятая ўстаноўчая дэкларацыя.

У ёй паведамляецца, што ініцыятыва «Усходняе партнёрства» будзе грунтавацца на адданасці асноўным каштоўнасцям, уключаючы дэмакратыю, вяршэнства законаў і павагу правоў чалавека і асноўных свабодаў, а таксама прынцыпам міжнароднага права, рынкавай эканомікі, устойлівага развіцця і эфектыўнага кіравання. «Усходняе партнёрства» будзе развівацца паралельна з двухбаковым супрацоўніцтвам паміж ЕЗ і трэцімі краінамі, паведамляе БелаПАН.

У саміце 7 траўня ў Празе прыняла ўдзел беларуская дэлегацыя ў складзе першага намесніка прэм'ер-міністра Уладзіміра Сямашкі і міністра замежных справаў Сяргея Мартынава.

Беларуская дэлегацыя правяла сустрэчы з вярхоўным прадстаўніком ЕЗ па агульнай знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, генеральным сакратаром Рады ЕЗ Xаўерам Саланам і камісарам ЕЗ па знешніх сувязях і Еўрапейскай палітыцы суседства Бенітай Ферэра-Вальднер, падчас якіх абмеркаваныя стан і перспектывы адносінаў Беларусі і Еўразвяза.

На прэс-канферэнцыі пасля заканчэння ўстаноўчага саміту ініцыятывы прэм'ер-міністр Чэхіі, якая старшынюе ў Еўразвязе, Мірэк Тапаланэк заявіў, што ўдзельнікі ўзнімалі пытанне аб важнасці захавання правоў чалавека. Ён адзначыў вялікую цікавасць да новай палітыкі з боку ўсіх краінаў-удзельніцаў: 27 краінаў ЕЗ і шасці краінаў Усходняй Еўропы і Каўказа.

М.Тапаланэк назваў лагічным з'яўленне Усходняга партнёрства, паколькі ЕЗ развівае адносіны з краінамі Міжземнамор'я, аднак мае суседзяў і на ўсходзе.

Па словах старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу, Усходняе партнёрства не проста палітычнае ўтварэнне — гэта платформа «для канкрэтных праектаў». «Новая палітыка не накіраваная супраць каго-небудзь, яна сфармуляваная, каб развівацца і развіваць іншых», — заявіў еўрачыноўнік. Ён адзначыў, што ўстаноўчы саміт — «велізарны поспех чэшскага старшынства».

Генеральны сакратар Рады ЕЗ Хаўер Салана таксама падзякаваў чэшскім ўладам за паспяховае заканчэнне фармавання новай палітыкі. «Гэта была няпростая задача, нават вельмі складаная. Мы працавалі да апошняга моманту», — сказаў ён. Сітуацыя ў краінах-партнёрах вельмі розная, лічыць Х.Салана, аднак яны ў любым выпадку застануцца суседзямі ЕЗ, геаграфічна нічога змяніцца не можа. Паводле словаў дыпламата, новая палітыка фармуецца «не на месяцы ці гады, а назаўжды».

Адзначым, што ў дзень правядзення саміту, у Менску адбыліся масавыя затрыманні актывістаў апазіцыі, якія ўдзельнічалі ў акцыі салідарнасці са зніклымі палітыкамі. Затрыманыя былі збітыя і дастаўленыя ў аддзяленні міліцыі. Усяго было затрымана больш за 30 чалавек.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках