Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» вышлі на вуліцы з партрэтамі Максіма Дашука (Фота)
1- 1.06.2009, 16:43
Актывісты апазіцыі правялі акцыю салідарнасці з удзельнікам «Працэсу 14-ці» Максімам Дашуком, над якім сёння павінен быў адбыцца суд.
Акцыя праводзілася ў менскім мікрараёне «Паўднёвы Захад», непадалёк ад Маскоўскага суда Менска.
Перад самым яго пачаткам актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» у ажыўленым месцы выстраіліся ў ланцужок, трымаючы партрэты Максіма Дашука. Такім чынам, яны прадэманстравалі мінакам сваю салідарнасць з моладзевым актывістам, які прысуджаны да паўтарох гадоў так званай «хатняй хіміі».
Нагадаем, 1 чэрвеня з-за хваробы аднаго з «народных засядацеляў» працэс непаўнагадовага Максіма Дашука перанеслі на нявызначаны тэрмін. Каб падтрымаць маладога чалавека, непасрэдна да будынка Маскоўскага суда прыйшлі больш за трыццаць чалавек – і яго сябры, і праваабаронцы.
Супраць Максіма Дашука была заведзеная крымінальная справа па арт. 415 КК («Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі»). У траўні мінулага года Максім быў асуджаны на паўтары гады абмежавання волі без накіравання ў спецкамендатуру, так званай «хатняй хіміі».
З-за свайго ўзросту і адсутнасці менскай прапіскі малады чалавек так і не змог уладкавацца на працу, таму фактычна знаходзіўся пад хатнім арыштам. З дому яму дазвалялася выходзіць толькі на две гадзіны ў суткі — з дзесяці да дванаццаці раніцы.



