24 снежня 2024, aўторак, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар РФ: «Было б нядрэнна, калі б свабоды слова было паболей і ў Расеі, і ў Беларусі»

19
Амбасадар РФ: «Было б нядрэнна, калі б свабоды слова было паболей і ў Расеі, і ў Беларусі»

Упершыню за 11 год журналістаў прэс-цэнтра Хартыі’97 запрасілі на прэс-канферэнцыю амбасадара Расеі ў Менску.

Хоць фармальна сённяшняя прэс-канферэнцыя была прысвечаная Дню Расеі, які святкуецца ў суседняй краіне 12 чэрвеня, Аляксандр Сурыкаў адказваў на праблемныя пытанні, датычныя беларуска-расейскіх узаемаадносінаў.

Насуперак чаканням журналістаў, расейскі амбасадар быў стрыманы ў сваіх адзнаках. Але нават з таго, што было сказана, можна зрабіць пэўныя высновы.

Складанасці з «саюзнай дзяржавай»

У самым пачатку прэс-канферэнцыі ў сваёй заяве дыпламат адзначыў:

«Падчас будаўніцтваў «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі ўзнікала і ўзнікае нямала складаных пытанняў. Але гэта натуральна. Дадзены момант звязаны з паступовым пераходам на раўнапраўныя рынкавыя прынцыпы гандлёва-эканамічных сувязяў паміж дзвюма краінамі. Тут павіннае быць адназначнае выразнае разуменне таго, што і Расея, і Беларусь у гэтай сітуацыі павінныя падвысіць канкурэнтаздольнасць сваіх эканомік, без чаго ва ўмовах эканамічнай глабалізацыі дзвюм краінам будзе вельмі складана захаваць свой суверэнітэт».

Аб крытыцы Лукашэнкай расейскіх чыноўнікаў

Каментуючы прэс-цэнтру Хартыі’97 апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі ў адрас прэм'ер-міністра РФ Уладзіміра Пуціна і міністра фінансаў Аляксея Кудрына, зробленыя ім пасля адмовы Расеі прадаставіць валютны крэдыт, Сурыкаў заявіў:

«Трэба ўмець пераходзіць ад ваганняў сардэчных, рэзкіх да менш рэзкіх, спакойна выказвацца, нармальна выбудоўваць свае паводзіны».

Ён нагадаў аб сітуацыі, калі ў СМІ патрапілі характарыстыкі, дадзеныя за абедам прэзідэнтам Францыі Нікаля Сарказі лідэрам краін ЕЗ.

«Сарказі знайшоў магчымасць выйсці з гэтай сітуацыі, не парушаючы добрасуседскія двухбаковыя адносіны. У гэтым - галоўная якасць палітыка і кіраўніка найвысокага рангу. Вось у гэтым, не больш за тое», -- адзначыў амбасадар.

Аб спрэчным крэдыце ў 500 мільёнаў даляраў

Адказваючы на пытанне, чаму Расея адмовіла Беларусі ў прадастаўленні крэдыту ў 500 мільёнаў даляраў, расейскі дыпламат адказаў:

«Я крыху засмучаны трактоўкай сітуацыі з тымі 500 мільёнамі даляраў, якія яшчэ разглядаюцца Расейскай Федэрацыяй. Расея ж не адмовіла ў іх прадастаўленні! І не прапанавала наўзамен атрымаць іх у расейскіх рублях. Проста была размова, маўляў, у нас не хапае, у тым ліку, рублёў. І тады было зададзенае пытанне: можа, вы возьмеце даляры рублямі?. Было сказана: не, мы хочам далярамі. Ну, далярамі і далярамі… Але, улічваючы крызісную сітуацыю, міністр фінансаў Расеі сказаў: давайце мы яшчэ месяц падумаем над магчымасцямі разліку. Так што гэтае пытанне не закрытае».

Што датычыцца перспектываў атрымання Беларуссю крэдыту з антыкрызіснага фонду Еўразійскай эканамічнай супольнасці, то, па словах Сурыкава, Беларусь пакуль не занесла ў антыкрызісны фонд ні капейкі грошай.

«У межах ЕзрАзЭС створаны антыкрызісны фонд, яго галоўным трымальнікам з'яўляецца Расея. З 10 мільярдаў даляраў яна ўносіць туды 7,5 мільярдаў, Казахстан, па-мойму, мільярд даляраў, а астатнія павінныя будуць сфарміраваць свае пакеты, каб мець права голасу пры размеркаванні сродкаў з гэтага фонду на пераадоленне крызісных з'яваў. Я не выключаю, што можа быць разгледжанае пытанне аб прадастаўленні 500 мільёнаў даляраў Беларусі, усё роўна ягоны трымальнік у большай ступені Расейская Федэрацыя», -- сказаў амбасадар, адзначыўшы, што «Беларусь пакуль не сфарміравала свайго пакета ўдзелу ў гэтым антыкрызісным фондзе».

Адказваючы на пытанне, ці будзе гэта дадатковы крэдыт або так чаканы беларускім бокам расейскі, амбасадар адказаў:

«А то які? Гэтыя 7,5 мільярдаў у антыкрызісным фондзе ЕўрАзЭС таксама расейскія! Гэтыя рэчы могуць карэлявацца, могуць не карэлявацца. Усё залежыць ад узаемапавагі і разумення гэтых пытанняў са ўсіх бакоў».

Аб увядзенні забароны на ўвоз у РФ беларускага малака

Расейскі дыпламат лічыць, што ўвядзенне санкцый супраць беларускай малочнай прадукцыі – усяго толькі абарона інтэрасаў расейскага спажыўца.

«Дзе тут журналісты ўбачылі калізію - мне складана зразумець…Ёсць такая пастаноўка пытання - у Расеі ўведзеныя новыя тэхнічныя рэгламенты на малочную прадукцыю. Гэтую калізію зараз пераадольваюць наглядныя органы дзвюх краін і прадпрыемствы. Гэты калізійны перыяд скончыцца. Галоўнае тут абарона інтэрасаў спажыўцоў, як вы разумееце, каб не патруціліся людзі. Усё ідзе сваёй чаргой, але, безумоўна, прэсе заўсёды цікава мусіраваць смажанае. Я, сапраўды кажучы, ледзь не захлынуўся ў гэтым папяровым «малацэ», - адзначыў ён.

З кіраўніцтвам Беларусі лепш усё афармляць юрыдычна

Аляксандр Сурыкаў лічыць неабходным юрыдычна замацаваць дамоўленасць аб куплі Беларуссю расейскага газу па сярэднегадавым кошце.

«Ёсць невялікае пажаданне - дамоўленасць аб сярэднегадавым кошце юрыдычна аформіць, замацаваць у кантрактных пагадненнях», - заявіў ён.

Амбасадар растлумачыў, што юрыдычнае афармленне дамоўленасці аб сярэднегадавым кошце ў разліках за газ неабходна для таго, каб «не выйшла юрыдычных непрыемнасцяў».

«Запазычанасці з боку Беларусі па сярэднегадавым кошце не было, а па кантрактным кошце, не выключаю, магла і ўтварыцца. Гэта значыць гэты сярэднегадавы кошт, аб якім ёсць дамоўленасць на словах, трэба аформіць юрыдычна, каб потым не выскачыла юрыдычных непрыемнасцяў», - сказаў Сурыкаў і нагадаў, што «Газпрам» заплаціў Беларусі авансам за 3 месяцы за транзіт газу.

Візіт Мядведзева ў Менск пакуль пад пытаннем

Амбасадар Расеі паведаміў, што магчымасць прыезду прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядведзева на святкаванне ў Беларусі афіцыйнага Дня Незалежнасці 3 ліпеня пакуль яшчэ не вызначаная.

«Ці прыедзе прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядведзеў 3 ліпеня ў Менск на Дзень незалежнасці я не ведаю. Пакуль не маецца інфармацыі па гэтай падставе», - сказаў Сурыкаў.

«Я яшчэ чаго-небудзь скажу такога…»

Дыпламата папрасілі адказаць на пытанне: ці не лічыць ён, што калі міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын мае рацыю, і Беларусь становіцца неплацежаздольнай, час правесці ў краіне чарговую дэвальвацыі рубля?

Сурыкаў адказаў асцярожна:

«А вы гэтае пытанне спадару Харкаўцу (міністр фінансаў РБ – заўв. Хартыі’97) задайце. Чаго ж вы мне яго задаеце? А то я яшчэ чаго-небудзь скажу такога… У мяне сваё бачанне гэтага пытання, не буду яго расшыфроўваць. У спадара Харкаўца сваё бачанне. У спадара Кудрына сваё. У МВФ сваё. Я магу яшчэ сваё выказаць, але гэта ні да чаго».

Свабоды не хапае

І ў канцы прэс-канферэнцыі прэс-цэнтр Хартыі’97 папрасіў Аляксандра Сурыкава адказаць на пытанне: дзе, на ягоны погляд, сёння больш свабоды слова: у Беларусі або ў Расеі?

Падумаўшы некалькі секунд, амбасадар РФ адказаў: «Я думаю, было б нядрэнна, каб і там, і там было паболей».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках