Сёння праходзіць паўторны суд над удзельнікам «Працэсу 14-ці» Максімам Дашуком
- 15.06.2009, 9:32
Справу актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Дашука сёння ў 10.00 пачаў разглядаць суд Маскоўскага раёна Менска.
Першапачаткова разгляд крымінальнай справы моладзевага актывіста быў прызначанае на 1 чэрвеня. Судовае паседжанне было перанесенае з-за хваробы аднаго з народных засядацеляў на працэсе.
Актывіста абвінавачваюць у парушэнні ўмоваў адбывання пакарання (артыкул 415 Крымінальнага кодэкса). Яму пагражае ад 6 месяцаў да 3 год турмы.
У дзень прад'яўлення абвінавачвання, 23 лютага, Максім Дашук быў змешчаны ў менскае СІЗА, але на наступны дзень пракурор змяніў меру стрымання на падпіску аб невыяздзе.
Па меркаванні праваахоўных органаў, Дашуку было вынесена некалькі папярэджанняў за парушэнне рэжыму адбывання пакарання ў выглядзе «хатняга» арышту. Усе папярэджанні былі вынесеныя за тое, што ён не знаходзіўся ў кватэры ў неабходны час.
Нагадаем, што ў 2008 годзе Максім Дашук быў прысуджаны да 1,5 год абмежавання волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала ўсіх удзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.