Вязень сумлення Максім Дашук асуджаны яшчэ на 1 год і 3 месяцы абмежавання волі
5- 15.06.2009, 13:00
Удзельнік «Працэсу 14-ці» прысуджаны да абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.
Прадстаўнік пракуратуры на аснове арт. 70 Крымінальнага Кодэкса запатрабаваў для асуджанага па «Працэсу 14-ці» Максіма Дашука паўтары гады зняволення без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу, улічваючы пры гэтым неадбыты тэрмін папярэдняга пакарання. Пракурор пры гэтым спаслаўся на змякчальныя акалічнасці: смерць бацькі і непаўнагоддзе абвінавачванага, паведамляе spring96.org.
Прысуд Максіму Дашуку вынесла суддзя Маскоўскага раёна Кузняцова: адзін год і тры месяцы абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.
Палітвязень пачне адбываць пакаранне ў выглядзе аднаго года і трох месяцаў абмежавання волі з моманту ўступлення прысуду ў сілу.
Нагадаем, што асуджанага на «Працэсе 14-ці» Максіма Дашука абвінавачвалі ў парушэнні ўмоваў адбыцця пакарання (артыкул 415 Крымінальнага кодэкса).
У дзень прад'яўлення абвінавачвання, 23 лютага, Максім Дашук быў змешчаны ў менскае СІЗА, але на наступны дзень пракурор змяніў меру стрымання на падпіску аб невыяздзе.
На думку праваахоўных органаў, Дашуку было вынесенае некалькі папярэджанняў за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання ў выглядзе «хатняга» арышту. Усё папярэджанні былі вынесеныя за тое, што ён не знаходзіўся ў кватэры ў неабходны час.
Нагадаем, што ў 2008 годзе Максім Дашук быў прысуджаны да 1,5 гадоў абмежавання волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.