24 снежня 2024, aўторак, 5:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперты: Ўсе заробкі ў Беларусі могуць паменшыць у 2 разы

41

Досвед барацьбы з крызісам кажа, што наступным крокам будзе істотнае памяншэнне заробкаў.

2 студзеня 2009 года Нацбанк паабяцаў нам стрымліваць інфляцыю беларускага рубля да «кошыку валют» у межах 5%. Яшчэ месяц таму старшыня галоўнага банка краіны Пётр Пракаповіч адчуваў сілы нават сціснуць валютны калідор да 3%.

Але 22 чэрвеня Нацбанк, наадварот, абвясціў аб пашырэнні межаў валютнага калідора. Цяпер ён складае нават не 5%, а 10%. Гэта значыць, што кошт «кошыку» з трох валют -еўра, даляра ЗША і расейскага рубля - можа вагацца ад 864 да 1056 BYR.

«Еўрарадыё» падлічыла, што калі курс расейскага рубля па-ранейшаму будзе змяняцца малаважна, а еўрапейская і амерыканская валюты працягнуць паступова расці, як яны рабілі гэта з пачатку года, да снежня 2009 года еўра будзе каштаваць пад 4300 беларускіх рублёў, а афіцыйны кошт на даляр пераваліць за BYR 3000.

Па меркаванні фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, і ўсталёўка, і пашырэнне валютнага калідора паслядоўна ўпісваецца ў крэдытную лінію «Standby», якую ў Беларусі зараз рэалізуе Міжнародны валютны фонд. Standby-крэдыты выдаюцца краінам, якія сутыкнуліся з нечаканым пагаршэннем знешніх умоваў: падзеннем экспарту і закрыццём крэдытных рынкаў.

«Зразумела, эксперты МВФ паглядзелі, што з-за падзення экспарту пагаршаецца сальда аплатнага балансу, а значыць патрабуецца дэвальвацыя. Потым яны прыкладна палічылі памеры крэдытных рэсурсаў, якія патрабуюцца на тое, каб крызісны час падоўжыць.

Зрабілі ступеністую дэвальвацыю, што, у прынцыпе, да месца. Пасля чаго звычайна і ўводзіцца такая цвёрдая прывязка, каб збіць наступныя девальвацыённые і інфляцыйныя чаканні», - лічыць эксперт.

Эканаміст Леанід Заіка таксама ўпэўнены ў тым, што валютны калідор мае важнае псіхалагічнае значэнне. Гэтак жа, як і змены ягоных памераў.

«Калі цэнтральны банк усталёўвае дыяпазон дэвіяцыі ў межах валютнага калідора ў 5%, то мы павінныя сказаць яму: «Дзякуй, Цэнтрабанк! У вас вельмі добрая грашовая пазіцыя, вы можаце добра трымаць курс!». Але гэта няпраўда! І наш Нацыянальны банк зараз адмаўляецца ад гэтай загадзя няслушнай карціны. Нацбанк стаў больш прагматычным і сапраўды паказаў нам магчымасці беларускага рубля».

Праўда, адным валютным калідорам інфляцыю беларускага рубля не стрымаеш. Па меркаванні Леаніда Заікі, дзейсным сродкам было б скарачэнне імпарту і заробкаў.

«Простым беларускім грамадзянам павінна быць цалкам зразумела, што сёння беларускі рубель пераацэнены. Мы па імпарце пакуль што занадта шмат купляем і пральных машын, і цацак, і сала мы з Італіі завозім... Пры такім вялікім імпарце прыходзіцца траціць шмат валюты, і валюта даражэе.

І яшчэ мы страцілі палову экспарту. Наш валютны прыбытак зараз у два разы меншы, чым быў. І, калі сапраўды, трэба было бы ў два разы паменшыць заробкі. Дарэчы, так зрабілі латышы: і настаўнікам, і лекарам, і міністрам латышы паменшылі заробак роўна ў два разы!».

Скараціць імпарт беларускія ўлады разнастайнымі спосабамі спрабуюць ужо даўно. Досвед барацьбы з крызісам падказвае, што наступным крокам будзе істотнае памяншэнне заробкаў.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках