23 лiстапада 2024, Субота, 20:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дакументы грамадзяніна ЗША Зельцэра, які памірае ў турме, «згубіліся»

8

У Менгарсудзе няма запыту наконт асуджанага ў Беларусі амерыканскага юрыста Эмануіла Зельцэра.

«Ніякага запыту ў Менскім гарадскім судзе наконт Зельцэра няма», - заявіў сёння старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Валянцін Сукала журналістам у Менску.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «пытанне пра ўжыванне ці неўжываенне да Зельцэра амністыі ляжыць у кампетэнцыі выпраўленчай установы. У суда няма ніякіх запытаў наконт Зельцэра», - падкрэсліў В.Сукала.

Як раней паведамлялася, асуджаны ў Беларусі за камерцыйны шпіянаж грамадзянін ЗША Эмануіл Зельцэр галадае ў выпраўленчай калоніі трэці тыдзень з-за таго, што няма дакументаў для разгляду пытання аб яго амніставанні.

Паводле словаў адваката Дзмітрыя Гарачкі, у сувязі з галадоўкай Зельцэр перастаў прымаць некаторыя свае лекі, якія нельга прымаць на галодны страўнік. У выніку ў яго абвастрыліся болі у нагах. Зняволены вельмі дрэнна сябе адчувае і выглядае на 20 гадоў старэшым за свой узрост.

Адвакат паведаміў, што «чакае адказу на скаргі, накіраваныя ў Вярхоўны суд і Генпракуратуру ў сувязі з тым, што Менскі гарадскі суд зацягвае з выдачай даведкі, неабходнай для разгляду пытання аб ужыванні да Зельцэра амністыі».

Дзмітры Гарачка лічыць, што адміністрацыя калоніі менш за ўсіх зацікаўленая ў зацягванні справы. Эмануіл Зельцэр галадае ўжо з 8 чэрвеня, і паколькі ён з'яўляецца грамадзянінам ЗША, чый лёс выклікае вялікую заклапочанасць у Вашынгтоне, калонія не зацікаўленая прыцягваць да сабе непатрэбную ўвагу.

Адміністрацыя выпраўленчай калоніі №15 Магілёва выслала запыт у Менскі гарадскі суд наконт асуджанага амерыканца Эмануіла Зельцэра яшчэ 7 траўня. Адвакат амерыканскага юрыста мае на руках зыходны нумар запыту.

«Учора Вярхоўны суд таксама выслаў адказ на мой зварот, у якім таксама сцвярджае, што запыту ў Менгарсудзе няма. Адміністрацыя калоніі, у сваю чаргу, сцвярджае, што на 100% выслала запыт у Менскі суд. Зроблена гэта было яшчэ 7 траўня (зараз ўжо, слава Богу, ужо 25 чэрвеня! - Рэд.), у мяне ёсць зыходны нумар гэтага запыту. Шчыра кажучы, гэта ўжо падобна на хлусню; толькі не магу зразумець, хто каму хлусіць. Праўда, з Менскага гарсуда я дагэтуль не атрымаў адказу на скаргу, чаму так доўга не разглядаецца запыт на Зельцэра», - адзначыў Дзмітры Гарачка.

Амерыканскі адвакат Э.Зельцэр быў затрыманы ў Менску 12 сакавіка 2008 года. У шэрагу СМІ выказвалася меркаванне, што яго арышт звязаны са справай аб спрэчцы за спадчыну памерлага ў Лондане бізнэсмэна Бадры Патаркацішвілі. 11 жніўня 2008 года Э.Зельцэр быў прысуджаны Менскім гарадскім судом за камерцыйны шпіянаж і выкарыстанне падробленых дакументаў да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Э.Зельцэр - былы савецкі эмігрант, з'яўляецца экспертам па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і адмываннем грошай у Расеі і былых савецкіх рэспубліках. Ён фігураваў у справе аб меркаваным адмыванні грошай праз Bank of NewYork.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках