26 снежня 2024, Чацвер, 6:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сямёра габрэйскіх дзяцей» у прачытанні беларускага «Свабоднага тэатра» (Фота)

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, беларускі «Свабодны тэатр» правёў чытку п'есы брытанскага драматурга Кэрыл Чэрчыл «Сямёра габрэйскіх дзяцей».

Дзесяціхвіліннае выкананне п'есы суправаджалася гадзіннай дыскусіяй, у якой прынялі ўдзел усе гледачы, якія прыйшлі ў гэты дзень на спектакль, піша dramaturg.org.

Прэм'ера п'есы «Сямёра габрэйскіх дзяцей» адбылася 10 лютага ў лонданскім тэатры Royal Court. Кэрыл Чэрчыл перадала яе тэатру з умовай, што ніхто, з тых, хто прыймае ўдзел у спектаклі, не атрымае ганарару, а сабраныя ў выглядзе ахвяраванняў гроша, будуць накіраваныя ў Газу на медыцынскія патрэбы.

Пасля прэм'еры ў Royal Court, у брытанскіх сродках масавай інфармацыі разгарэлася дыскусія вакол прэм'еры, якая адбылася. Адны газеты абвінавачвалі Кэрыл Чэрчыл у антысемітызме, іншыя сцвярджалі, што яе п'еса дазволіла тэатру заставацца ў актуальным полі мастацтва. Патрыярх брытанскай тэатральнай крытыкі Майкл Білінгтон у сваёй рэцэнзіі на старонках The Guardian сказаў пра тое, што «калі тэатр перастане рэагаваць тое, што адбываецца ў свеце, ці гэта сітуацыя на Блізкім Усходзе ці сусветны фінансавы крызіс, у яго ёсць усе шанцы ператварыцца ў імпатэнта-назіральніка».

У Royal Court дзесяціхвілінны спектакль «Сямёра габрэйскіх дзяцей» ішоў на працягу месяца адразу пасьля спектакля «Камень» па п'есе Марыюса Фон Маенбурга, што распавядае пра тое, як нямецкія дзеці становяцца ахвярамі скажонай гісторыі сваіх сем'яў. Пасля брытанскай прэм'еры прэзентацыя п'есы «Сямёра габрэйскіх дзяцей» адбылася ў Мюнхене і Манрэалі, а ў Афінах і Вашынгтоне яны прайшлі ў фармаце вулічных чытак.

Прэзентацыя тэксту ў Менску была прымеркаваная да Міжнароднага дня абароны дзіцяці, і падрыхтаваная сіламі тэатральнай лабараторыі беларускага «Свабоднага тэатра» Fortinbras, студэнтамі першага года навучання. Рэжысёрам чыткі выступіў Уладзімір Шчэрбань. «На мой погляд гэты тэкст абсалютны: ён абсалютна выдуманы, і, нават напісаны ў форме белага верша. Але гэтая ўмоўная выдуманая структура тэксту правакуе на тое, каб гледачы ўспрымалі яго ледзь не як дакументальны. Гэта адбываецца з-за таго, што ў тэкст закладзены магутны зарад болю тых людзей, якія вымушаныя штохвіліны жыць у страху за сваё жыццё і жыццё сваіх дзяцей».

Ацэньваючы значнасць гэтай падзеі, ён таксама дадаў: «Дзякуючы «Свабоднаму тэатру» была скарочаная дыстанцыя, якая аддзяляе Беларусь ад сусветнай драматургіі. Калі раней п'есы даходзілі да нас праз, як мінімум, 6 – 7 гадоў, дык цяпер мы можам знаёміць беларускіх гледачоў з самымі новымі п'есамі, эфектыўна асвоіўшы ўвесь тэхналагічны ланцужок: пошук–пераклад–пастаноўка–паказ».

Гадзінная дыскусія, якая прайшла пасля чыткі, была эмацыйнай і насычанай меркаваннямі людзей розных ўзростаў, нацыяў і рэлігійных канфесіяў. Большасць меркаванняў зводзіліся да тэмы «дарослага свету», дзе дзіця з'яўляецца самай неабароненай і слабой істотай. «Бязглузда абвінавачваць у антысемітызме ці сіянізме тэкст, які напісаны зусім пра іншае – пра бясконцы ланцужок перадачы дарослых дзецям сваіх памылак, страхаў і негатыўнага досведу. Ён пра тое, што дзеці становяцца цацкамі ў руках дарослых, якія самі не ведаюць, як паводзіць сябе ў дачыненні да іх, і якая мадэль існавання з'яўляецца правільнай», – сказаў вядомы сцэнарыст і літаратар Уладзімір Халіп.

Мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Халезін, адказваючы на пытанне пра тое, з якой мэтай у Менску была арганізаваная чытка п'есы «Сямёра габрэйскіх дзяцей», раскрыў частку планаў «Свабоднага тэатра» на будучыню: «Падобныя чыткі арганізоўваюцца дзеля таго, каб глядач мог адчуваць нерв таго, што адбываецца ў свеце сёння, зараз. І каб ён мог рефлексаваць, успрымаючы тое, што адбываецца, аб'ёмна – не толькі скрозь прызму сродкаў масавай інфармацыі, але і ў полі сучаснага мастацтва, якое выводзіць праблемы грамадства ў новы статус, надаючы ім вялікую значнасць. Гэтай чыткай мы даем старт новаму праекту «Свабоднага тэатра», які будзе прысвечаны дзецям. Спадзяюся, што гледачы змогуць убачыць яго не пазней за восень цяперашняга года».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках