24 снежня 2024, aўторак, 3:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка вызваліў закладніка Зельцэра (Абноўлена, фота)

57
Лукашэнка вызваліў закладніка Зельцэра (Абноўлена, фота)

Амерыканскі грамадзянін Эмануіл Зельцэр увечары 30 чэрвеня быў вызвалены з магілёўскай калоніі № 15. Былы вязень беларускай турмы выляцеў у Злучаныя Штаты Амерыкі 1 ліпеня ў 5.30 раніцы.

Указ аб памілаванні Зельцэра быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 30 чэрвеня пасля яго сустрэчы з дэлегацыяй кангрэса ЗША. Падчас сустрэчы Лукашэнка падкрэсліў, што Зельцэр парушыў заканадаўства Беларусі. «Ён затрыманы ў нашай краіне, асуджаны па беларускіх законах, гэтага нават часовы павераны ў справах ЗША у Беларусі Джонатан Мур не адмаўляе, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Ніколі не думаў, што гэты чалавек стане пытаннем у адносінах паміж нашымі дзяржавамі. Так, па беларускіх законах, па Канстытуцыі я магу памілаваць Эмануіла Зельцэра. Вы звярнуліся да мяне з гэтай просьбай, так жа? Калі гэта для Амерыкі і нашых адносінаў вельмі важна і будзе спрыяць нармалізацыі нашых адносінаў, я сёння ж падпішу ўказ».

Часовы павераны ў справах ЗША Джонатан Мур прывітаў рашэнне беларускіх уладаў аб вызваленні Зельцэра, назваўшы яго «крокам насустрач». «Далейшае развіццё адносінаў залежыць ад крокаў абодвух бакоў», — сказаў ён.

У жніўні 2008 года юрыст Зельцэр быў прысуджаны Менскім гарадскім судом да трох гадоў пазбаўлення волі за выкарыстанне загадзя ілжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж. 31 кастрычніка Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле. Сваёй віны Зельцэр не прызнаў.

8 чэрвеня Зельцэр абвесціў галадоўку ў знак пратэсту супраць дзеянняў Менскага гарсуда, які зацягваў падаванне ў калонію дакументаў, неабходных для яго амністыі. 25 чэрвеня асуджаны прыпыніў галадоўку да канца месяца.

Арышт Зельцэра ў Менску звязваюць з тым, што ён адстойваў інтэрасы Джозафа Кея, які прэтэндуе на спадчыну грузінскага алігарха Бадры Патаркацішвілі. Нагадаем, што на спадчыну таксама прэтэндуе гнаны расейскі алігарх Барыс Беразоўскі, якога звязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам даўнія адносіны.

Разам з Эмануілам Зельцэрам у Беларусі была арыштаваная яго сакратарка Уладлена Функ. У беларускай калоніі яна правяла цэлы год і пасля вызвалення ў інтэрв'ю БелаПАН распавяла, што яе і Эмануіла Зельцэра прывезлі ў Менск у беспрытомным стане.

«За дзень да арышту, 11 сакавіка 2008 года, мы былі ў Лондане ў камандзіроўцы, сустракаліся з іншымі адвакатамі. Барыс Беразоўскі, які апошнія гады жыве ў Вялікабрытаніі, даведаўшыся пра наш прыезд, вельмі настойліва прасіў сустрэчы з Эмануілам. Нагадаю, што Зельцэр дагэтуль з'яўляецца адвакатам па пытаннях спадчыны Бадры Патаркацішвілі. Беразоўскі казаў, што ў яго ёсць прэтэнзіі на 50% гэтай спадчыны. Пры гэтым паводле тэстаманта па 25% атрымліваюць абедзве жонкі Патаркацішвілі, а 50% размяркоўваецца паміж дзецьмі і сваякамі. Зельцэра сярод спадчыннікаў, вядома, няма.

Эмануіл некалькі разоў адмаўляўся ад сустрэчы з Беразоўскім, спасылаючыся на занятасць, але ў нейкі момант усёткі вырашыў з ім сустрэцца. Я мяркую, што падчас гэтай сустрэчы, на якой прысутнічалі і іншыя людзі, нам нешта падсыпалі ў ежу ці напоі. Хто гэта зрабіў, хай разбіраецца следства… Але ў выніку я апрытомнела ў самалёце Беразоўскага, які ляцеў у Менск, побач без прытомнасці быў Зельцэр. Калі мы прызямліліся ў Менску, у салон самалёта ўвайшлі людзі ў цывільным і сілай мяне выцягнулі ў машыну з зачыненымі вокнамі. Ніхто не патлумачыў, куды мяне вязуць, па якім пытанні і што з Зельцэрам. Прывезлі адразу ў КДБ, дзе я знаходзілася з 12 сакавіка да лістапада», -- распавяла жанчына.

На ўсе просьбы пра сустрэчу з прадстаўніком расейскага консульства ці пра тэлефанаванне сваякам арыштаванай Уладлене Функ казалі, што гэта не дазволена. На допытах ад яе патрабавалі падпісаць заяву аб тым, што Зельцэр і Джозаф Кей (далёкі сваяк Патаркацішвілі, прызначаны распарадчыкам яго спадчыны) — махляры, якія падрабляюць дакументы. Толькі ў гэтым выпадку жанчыне абяцалі «чым-небудзь дапамагчы», інакш, маўляў, справа дойдзе да суду. Што ў выніку і адбылося.

«Я думаю, Зельцэр як юрыст Патаркацішвілі уяўляе велізарную небяспеку для Беразоўскага, які хоча атрымаць кантроль над спадчынай. Мне першапачаткова казалі, што мая персона КДБ асабліва не цікавіць, ім патрэбныя іншыя людзі і лепш «па-добраму ўсё падпісаць». Таксама мне далі зразумець, што Беразоўскі сябруе з найвышэйшым кіраўніцтвам Беларусі», -- сказала Функ.

Прэс-цэнтр Хартыі’97 віншуе Эмануіла Зельцэра, яго родных і блізкіх, усіх, хто змагаўся за вызваленне амерыканскага юрыста. Жадаем Эмануілу Зельцэру найхутчэйшай рэабілітацыі.

Фота reuters.com

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках