26 снежня 2024, Чацвер, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Freedom House: У Беларусі па-ранейшаму захоўваецца аўтарытарны рэжым

1

Амерыканская арганізацыя апублікавала даклад пра стан дэмакратычных свабодаў у «пераходных дзяржавах» свету.

Даклад Nations in Transit 2009 аднес Беларусь да катэгорыі «кансалідаваных аўтарытарных рэжымаў», да якіх аднесеныя яшчэ восем постсавецкіх краінаў, паведамляе «Радыё Свабода». У лік гэтых краінаў патрапілі: Азербайджан, Беларусь, Казахстан, Кыргызтан, Таджыкістан, Туркменістан, Расея, Узбекістан.

Freedom House - амерыканская недзяржаўная арганізацыя, якая падтрымлівае развіццё дэмакратыі і правоў чалавека ў свеце. У сваім дакладзе Nations in Transit 2009 яна ацэньвае дэмакратычныя свабоды ў кожнай краіне па шкале ад 1 (найвышэйшая ступень развіцця) да 7 (найніжэйшая). Выніковая ацэнка фармуецца кансенсусам паміж экспертамі Freedom House, акадэмічнымі дарадцамі гэтай арганізацыі і аўтарамі спецыяльных палітычных дакладаў па асобных краінах.

Агульная ацэнка стану дэмакратычных свабодаў у Беларусі ў 2008 годзе - 6,57. Гэта крыху лепш, чым у чатыры папярэднія гады, але не настолькі лепш, каб пазбавіць краіну ад ацэнкі «кансалідаваны аўтарытарызм», адзначаецца ў дакладзе.

Беларусь традыцыйна апынаецца ў самім нізе па ацэнцы сямі параметраў дэмакратычнага развіцця, да якіх адносяць: выбарчы працэс (6,75 для Беларусі ў 2009 годзе), грамадзянская супольнасць (6,25), незалежнасць СМІ (6,75), дэмакратычнасць кіравання дзяржавай (6,75), мясцовае самакіраванне (6,75), незалежнасць судовай галіны ўлады (6,75), узровень карупцыі (6,00).

Усяго ў спісе Freedom House знаходзіцца 29 краінаў (сёлета ў даследаванне ўпершыню патрапіла Косава).

Паводле Freedom House, разрыў паміж узроўнем дэмакратычных свабодаў у аўтарытарных краінах былога Савецкага Саюза і дэмакратычных краінах Усходняй Еўропы ў 2008 годзе значна вырас.

Freedom House робіць две галоўныя высновы ў сваім даследаванні палітычных працэсаў у краінах Усходняй Еўропы і Еўразіі ў 2008 годзе. Па-першае, новыя чальцы Еўразвяза з Усходняй Еўропы перажылі стагнацыю ў пытанні далейшых рэформаў у бок дэмакратыі, а некаторыя з іх нават зрабілі крок назад ў сваім дэмакратычным развіцці. Па-другое, аўтарытарныя сістэмы ўлады ў постсавецкіх краінах (за выключэннем балтыйскіх краінаў) працягнулі развівацца ў бок большага аўтарытарызму і змяншэнні дэмакратыі.

Для параўнання прывядзем агульныя ацэнкі дэмакратычных свабодаў у некаторых іншых краінах, уключаных у даследаванне Freedom House: Чэхія (2,18), Эстонія (1,93), Літва (2,29), Малдова (5,07), Польшча (2,25), Украіна (4,39), Латвія (2,18), Расея (6,11). Ніжэй за Беларусь стаяць толькі Туркменістан (6,93) і Узбекістан (6,89).

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках