23 снежня 2024, панядзелак, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусі не вернуць прэферэнцыі ЕЗ без поўнага выканання патрабаванняў МАП

4

Прадпрынятыя беларускімі ўладамі меры павінныя прывесці да «адчувальных змен на практыцы ў галіне свабоды асацыяцыі».

Гандлёвыя прэферэнцыі будуць вернутыя Беларусі пры ўмове захавання краінай дзвюх канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) — 87 «Аб свабодзе асацыяцыі і абароне права на арганізацыю» і 98 «Аб ужыванні прынцыпаў права на арганізацыю і на вядзенне калектыўных перамоваў».

Аб гэтым у інтэрв'ю БелаПАН заявіў прэс-сакратар еўракамісара па гандлі Луц Гюльнер.

Па ягоных словах, Еўракамісія прыняла да ўвагі заключэнне Міжнароднай канферэнцыі працы ад 18 чэрвеня, дзе паказваецца, што ўраду Беларусі неабходна працягнуць намаганні па выкананні рэкамендацый МАП, паколькі крокі павінныя прывесці да «адчувальных змен на практыцы ў галіне свабоды асацыяцыі». МАП таксама просіць урад прадставіць выразны план з указаннем канкрэтных тэрмінаў, якія неабходныя для поўнага выканання ўсіх рэкамендацый.

«Еўракамісія вітае крокі, прадпрынятыя беларускімі ўладамі для паляпшэння сітуацыі, і заклікае ўлады актывізаваць намаганні ў тых галінах, якія выклікаюць заклапочанасць МАП, каб вярнуцца ў Генеральную сістэму прэферэнцый Еўразвяза», — заявіў Гюльнер. Па ягоных словах, Камісія ЕЗ працягне адсочваць рашэнні МАП.

Раней паведамлялася, што Камітэт па нормах і стандартах МАП заклікаў урад Беларусі «падвоіць намаганні ў забеспячэнні поўнай свабоды аб'яднанняў працаўнікоў».

Камітэт прыняў да ўвагі інфармацыю аб мерах, прадпрынятых беларускімі ўладамі за апошні год для выканання рэкамендацый МАП. Сярод станоўчых крокаў урада камітэт адзначыў правядзенне ў чэрвені 2008 года ў Менску міжнароднага семінара па абароне працаўнікоў ад дыскрымінацыі па прычыне іх удзелу ў прафсаюзах, а таксама семінара па выкананні рэкамендацый МАП, які быў арганізаваны ўрадам у супрацоўніцтве з МАП у студзені 2009 года.

У дакуменце асобна адзначаецца рашэнне аб уключэнні ў Нацыянальны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях трох прадстаўнікоў Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).

У той жа час у дакуменце выяўленая занепакоенасць тым, што ўсе гэтыя меры пакуль не прывялі «да адчувальных змен». У прыватнасці, дагэтуль няма станоўчага рашэння па пытанні рэгістрацыі першасных арганізацый незалежных прафсаюзаў.

У 2003 годзе Адміністрацыйная рада МАП прыняла рашэнне пачаць у адносінах Беларусі расследаванне ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў аб парушэнні іх правоў. Камісія па расследаванні пацвердзіла факты парушэння правоў працаўнікоў. Беларусь пяць разоў уносілася ў спецпараграф дакладу Міжнароднай канферэнцыі працы як краіна, у якой парушаюцца правы прафсаюзаў. Апошні раз гэта адбылося 8 чэрвеня 2007 года. Разам з тым МАП выпрацавала шэраг рэкамендацый беларускаму ўраду, у выпадку выканання якіх краіна будзе выключаная са спецпараграфа.

У 2007 годзе за парушэнні правоў прафсаюзаў Беларусь была выключаная з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўразвяза.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках