24 лiстапада 2024, Нядзеля, 12:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскія праваабаронцы выступаюць супраць пераследу Леаніда Свеціка

Прадстаўнікі грамадскасці напісалі заяву, у якой называюць справу супраць праваабаронцы Леаніда Свеціка «палітычнай».

Як паведамляе БелаПАН, заяву падпісалі 17 грамадскіх актывістаў.

Аўтары заявы адзначаюць, што з 10 чэрвеня ў Віцебску праходзіць суд над Свецікам, абвінавачваным у распальванні міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасці праз рассыланне лістоў ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Рускае нацыянальнае адзінства».

У заяве паведамляецца, што на 12 паседжаннях суду былі заслуханыя паказанні пацярпелых і сведак па крымінальнай справе Леаніда Свеціка, узбуджанай 20 мая 2008 года Ўпраўленнем КДБ па Віцебскай вобласці, даследаваліся дакументы і доказы.

«З боку абароны было пададзена больш за 30 хадайніцтваў, што паказваюць на парушэнні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь пры правядзенні папярэдняга следства. Аднак падчас судовага працэсу суддзя Віцебскага абласнога суду Галіна Урбановіч не задаволіла ні аднаго хадайніцтва, заяўленага Свецікам. Такімі паводзінамі суддзя выказала сваю неаб'ектыўнасць, небесстароннасць, непрыкрытую зацікаўленасць у зыходзе справы ў карысць абвінавачвання. Таму на працягу судовага працэсу трыма пацярпелымі з пяці былі заяўленыя адводы суддзі, а абвінавачваным Л.Свецікам заяўлены адвод дзяржаўнаму абвінаваўцу», — адзначаецца ў заяве.

Ведаючы Свеціка як прынцыповага барацьбіта за правы чалавека, у тым ліку за правы нацыянальнага самавызначэння, аўтары заявы лічаць працэс «не крымінальным, а палітычным» і патрабуюць «аб'ектыўнага, усебаковага разгляду справы Леаніда Свеціка кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом».

«Мы лічым, што крымінальны пераслед з боку КДБ і гэты судовы працэс — помста Свеціку за ягоную праваабарончую дзейнасць. Але самае галоўнае, яго хочуць ізаляваць як дзеючага праваабаронцу да наступных прэзідэнцкіх выбараў», — падкрэсліваецца ў заяве.

Сярод падпісантаў дакумента — прадстаўнікі ініцыятыўнай групы па стварэнні грамадскага аб'яднання беларускіх пенсіянераў «Наша пакаленне» Алена Залеская і Антаніна Півонас, прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч, праваабаронца Хрыстафор Жаляпаў, а таксама палітыкі Аляксей Гаўруцікаў, Ян Таўпыга і Ян Дзяржаўцаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках