23 снежня 2024, панядзелак, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітзняволены Аўтуховіч галадае ў турме 90 дзён

7
Палітзняволены Аўтуховіч галадае ў турме 90 дзён

Прадпрымальнік ужо страціў 35 кілаграмаў вагі, але беларускія ўлады працягваюць ігнараваць пратэст палітвязня.

Лідэр прадпрымальнікаў, ветэран вайны ў Афганістане, узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі», Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага 2009 года разам са сваімі калегамі Юрыем Лявонавым і Ўладзімірам Асіпенкам і беспадстаўна абвінавачаны ў арганізацыі падпалаў, здзейсненых яшчэ ў 2005 годзе.

З 16 красавіка палітвязень праводзіць у менскім следчым ізалятары галадоўку пратэсту, патрабуючы ў найкароткія тэрміны альбо перадаць ягоную справу ў суд, альбо змяніць падследным па дадзенай крымінальнай справе меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе. За гэты час затрыманы моцна саслабеў і схуднеў. Кожны дзень Мікалаю Аўтуховічу робяць кропельніцы.

Тэрміны ўтрымання пад вартай Мікалая Аўтуховіча, як вядома, падоўжаныя да 8 жніўня. На мінулым тыдні супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю па «справе Аўтуховіча» былі арыштаваныя дырэктар фірмы «Ніка-транс-22222» Людміла Парэмская, дзе працаваў да арышту прадпрымальнік, і былы ветэран вайны ў Афганістане Канстанцін Уланаў.

Сваякі Людмілы Парэмскай падаюць у Ваўкавыскае РУУС заяву на яе вышук. Такую параду блізкім Людмілы далі самі міліцыянты, паколькі пасля затрымання 7 ліпеня супрацоўнікамі ГУБАЗ МУС месцазнаходжанне жанчыны дагэтуль невядомае.

Другі затрыманы па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, 57-гадовы жыхар Менска Канстанцін Уланаў знаходзіцца ў спецпрыёмніку МУС на Акрэсціна. Тэрмін затрымання былому ветэрану вайны ў Афганістане падоўжылі да 10 сутак.

Жонка «афганца», Тацяна Уланава, ужо падала скаргу ў Галоўнае следчае ўпраўленне МУС. Жанчына хоча атрымаць пісьмовы адказ: хто санкцыянаваў затрыманне мужа, на якіх падставах, чаму сілавікі, што рабілі ператрусы на кватэры і на лецішчы Ўланавых, не далі ніякіх тлумачэнняў. Тацяна Уланава ўпэўненая, што ўсе прэтэнзіі да мужа - беспадстаўныя.

Праваабаронцы лічаць, што Людмілу Парэмскую і Канстанціна Ўланава маглі арыштаваць для таго, каб прымусіць іх даваць паказанні супраць Мікалая Аўтуховіча. З часу арышту ваўкавыскіх прадпрымальнікаў у лютым 2009 года з імі не парводзілася ніякіх следчых дзеянняў. Па меркаванні незалежных назіральнікаў, у следства проста няма доказаў віны Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі.

Беларускія праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, зважаючы на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней былі судзімыя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках