23 снежня 2024, панядзелак, 14:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз 3 месяцы Аўтуховіч спыніў галадоўку – ён у крытычным стане

27
Праз 3 месяцы Аўтуховіч спыніў галадоўку – ён у крытычным стане

Самая працяглая галадоўка, якую калі-небудзь трымалі беларускія палітвязні, была спыненая 16 ліпеня.

Гэтую інфармацыю сёння раніцай пацвердзіў у інтэрв'ю сайту www.charter97.org адвакат палітвязня Мікалая Аўтуховіча Павел Сапелка, які наведаў свайго падабароннага ў следчым ізалятары № 1 Менска. Галадоўка доўжылася тры месяцы, з 16 красавіка. За гэты час зняволены схуднеў на 35 кілаграмаў.

Па словах адваката, стан здароўя Аўтуховіча «крытычны». «Ён ужо дайшоў да такога стану, калі кожны ягоны рух або перасоўванне даецца з цяжкасцю і цягне за сабой слабасць», - распавёў Сапелка.

Аўтуховіч спыняе галадоўку ў адказ на просьбы адваката. «Мне Аўтуховіч патрэбен як яшчэ адзін бок у судзе, бок абароны, - сказаў адвакат. - Справа ўжо падыйшла да такога моманту, калі трэба знаёміцца з ёй, выпрацоўваць пазіцыю абароны. У галадаючым стане Аўтуховіч паўнавартасна гэтага зрабіць не зможа».

Па словах Сапелкі, Аўтуховіч прасіў перадаць словы падзякі ўсім, хто яго падтрымліваў, пісаў яму лісты, рабіў заявы ў яго абарону.

Мікалай Аўтуховіч і яшчэ два актывіста прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска - Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка - былі затрыманыя 8 лютага з санкцыі пракурора Гарадзенскай вобласці. 18 лютага ўсім траім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці).

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, зважаючы на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі судзімыя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Аўтуховіч абвясціў галадоўку, патрабуючы ў найкароткія тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.

Тэрміны ўтрымання пад вартай Мікалая Аўтуховіча, як вядома, падоўжаныя да 8 жніўня. На мінулым тыдні супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю па «справе Аўтуховіча» былі арыштаваныя дырэктар фірмы «Ніка-транс-22222» Людміла Парэмская, дзе працаваў да арышту прадпрымальнік, і былы ветэран вайны ў Афганістане Канстанцін Уланаў. Парэмская была вызваленая праз некалькі дзён, Уланаў застаецца ў зняволенні.

Праваабаронцы лічаць, што Людмілу Парэмскую і Канстанціна Ўланава маглі арыштаваць для таго, каб прымусіць іх даваць паказанні супраць Мікалая Аўтуховіча. З часу арышту ваўкавыскіх прадпрымальнікаў у лютым 2009 года з імі не вялося ніякіх следчых дзеянняў. Па меркаванні незалежных назіральнікаў, у следства проста няма доказаў віны Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі.

Каментуючы па просьбе БелаПАН наступствы працяглай галадоўкі для арганізма, загадчык кафедрай гастраэнтэралогіі і нутрыцыалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Юрый Марахоўскі паведаміў, што фізіялагічнай стратай масы з'яўляецца 1,5 кг на месяц. Больш высокая хуткасць пахудання ўжо лічыцца небяспечнай.

Істотным з'яўляецца тое, чым падтрымліваюць чалавека, які не прымае ежу (падчас галадоўкі Аўтуховічу ставілі кропельніцы. - БелаПАН). Па словах медыка, у выпадку ўвядзення глюкозы адбываецца спажыванне вугляводаў і на працягу нейкага часу арганізм не расходвае свае вугляводы. Аднак доўгае выкарыстанне глюкозы, наадварот, можа суправаджацца празмернай стратай уласных амінакіслот.

Пры неўжыванні пажыўных рэчываў на працягу доўгага часу арганізм пачынае расходваць уласныя запасы: спачатку - тлушч, а затым - бялкі, у першую чаргу з мышачнай тканіны. У выніку мышчы памяншаюцца ў аб'ёме, становяцца слабымі. Праз некаторы час чалавек губляе магчымасць рухацца. Наступным этапам могуць стаць найцяжкія дыстрафічныя змены ў пячонцы і нырках. Узнікае таксама падвышаная схільнасць да інфекцый - на скуры з’яўляюцца раны, якія дрэнна загойваюцца. Такі чалавек можа памерці фактычна ад інфекцыйнага захворвання.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках