26 снежня 2024, Чацвер, 4:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МВФ прадказвае Менску вялікія праблемы

9

Беларускія ўлады пакуль устрымліваюцца ад каментароў і ацэнак МВФ – профільныя ведамствы маўчаць.

Міжнародны валютны фонд прадказаў абвастрэнне праблемаў у беларускай эканоміцы, калі Менск не атрымае крэдыту ад Расеі. У гэтай сувязі беларускія эксперты лічаць, што расейская дапамога стане прадметам жорсткага гандлю паміж Масквой і Менскам, а гандлёвыя войны паміж імі працягнуцца да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2011 годзе. Пацверджаннем гэтага сталі новыя абмежавальныя меры РФ у дачыненні да беларускай прадукцыі, паведамляе Коммерсантъ.

Кіраўнік прадстаўніцтва МВФ у Менску Наталля Калядзіна заявіла, што Беларусь непазбежна сутыкнецца з цяжкасцямі ў выпадку адмовы РФ вылучыць ёй чарговы транш крэдыту ў памеры $500 млн. «МВФ лічыць, што ў гэтым выпадку беларускай эканоміцы не пазбегнуць ускладненняў»,- сказала яна. У гэтай сувязі прадстаўнік МВФ прапанавала Менску актыўней рыхтавацца да прыватызацыі аб'ектаў дзяржуласнасці. Яна часткова пагадзілася з аргументамі беларускага кіраўніцтва, што зараз не час для прыватызацыі, паколькі кошты на гэтыя аб'екты знізіліся, але адразу ж дадала: «Зараз добры час, каб падрыхтаваць да прыватызацыі значныя актывы, якія знаходзяцца ў дзяржуласнасці».

Беларускія ўлады пакуль устрымліваюцца ад каментароў і ацэнак МВФ. Учора кіраўнік прэс-службы Мінфіна Беларусі Алена Сліжэўская паведаміла, што яе ведамства не можа пацвердзіць ці абвергнуць дадзеныя прадстаўніцтва МВФ. Ад каментароў адмовіліся і ў Мінэканомікі.

Беларускія ўлады разлічвалі атрымаць чарговы транш расейскага крэдыту ў памеры $500 млн яшчэ ў траўні. Аднак тады перамовы выліліся ў скандал пасля таго, як міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын усумніўся ў плацежаздольнасці Беларусі ў сувязі з недастатковасцю яе золатавалютных рэзерваў. Пасля гэтага беларускі Мінфін звярнуўся з просьбай пра аказанне фінансавай дапамогі ў ЕЗ. Але на мінулым тыдні міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец абвесціў, што Менск разлічвае вярнуцца да тэмы давання расейскага крэдыту. А Аляксей Кудрын даў зразумець, што пытанне можа быць вырашанае станоўча: крэдыт вылучаць з антыкрызіснага фонду ЕўраАзЭС.

Аднак у канцы мінулага тыдня Аляксандр Лукашэнка адмовіўся прыбыць у Маскву на традыцыйныя скачкі на прыз прэзідэнта РФ, прапусціўшы тым самым магчымасць абмеркаваць пытанне пра крэдыт. «Мядзведзеў і Пуцін не прыехалі ў Менск 3 ліпеня на святкаванне Дня незалежнасці Беларусі, хаця Лукашэнка іх запрашаў, вось ён і вярнуў доўг»,- тлумачаць матывы адмовы беларускага кіраўніка беларускія незалежныя эксперты. Яны лічаць, што гандлёвыя войны паміж Масквой і Менскам працягнуцца да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў пачатку 2011 года. «Тады і стане зразумела: ці Лукашэнка зноў сябар, ці яго будуць мачыць»,- прадказваюць яны. Абяцаныя Кудрыным $500 млн будуць прадметам гандлю паміж расейскімі і беларускімі ўладамі.

Пацверджаннем гэтаму могуць быць і новыя меры РФ у дачыненні да Беларусі. Так, Расздароўнагляд уключыў прадпрыемства «Белмедпрэпараты» у чорны спіс вытворцаў лекаў - цяпер у дачыненні да шэрагу прэпаратаў кампаніі будзе праводзіцца абавязковы папярэдні кантроль якасці. Акрамя таго, Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ абвесціла пра ўзмацненне лабараторнага кантролю за прадукцыяй 40 малако- і мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі. Паводле ацэнак аналітыкаў, гэта можа скараціць аб'ём паставак беларускай малочнай і мясной прадукцыі на расейскі рынак.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках