26 снежня 2024, Чацвер, 4:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто адкажа за прафуканыя мільярды?

30

У Беларусі працягваецца палітыка штучнага стрымлівання курсу нацыянальнай валюты. Але на нейкім этапе прыйдзецца прымаць рашэнне аб дэвальвацыі.

Беларускія ўлады зноў наступаюць на граблі. Ды не простыя, а валютныя. Чаму так адбываецца, лаканічна і даходліва патлумачыў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Павал Калаўр.

Прысуд выкананню не падлягае

Культ планавых паказчыкаў у нашай краіне прыводзіць да абсурдных сітуацыяў. Паводле афіцыйнага прагнозу, курс беларускага рубля ў адносінах да даляра ў 2008 годзе не павінен быў перавысіць 2200 Br. І ў канцы мінулага года кіраўніцтва Беларусі ўсімі дасягальнымі для яго спосабамі ўтрымлівала нацыянальную валюту ад перасячэння гэтай мяжы.

Ноч прастаялі, і дзень пратрымаліся. Затое ўжо 2 студзеня рубель абваліўся адразу на 20%.

Пры гэтым краіна заплаціла велізарны кошт за стрымліванне курсу. Па-першае, рэзка скараціліся золатавалютныя рэзервы (толькі за снежань яны зменшыліся на 714 мільёнаў даляраў). Па-другое, каласальная шкода быў нанесеная вытворцам. У мяне атрымалася «адкапаць» вельмі цікавую цытату на гэты конт.

-- Курс беларускага рубля, які штучна падтрымліваўся, адмоўна ўплываў на працу айчынных прадпрыемстваў, арыентаваных на экспарт, -- заявіў «Звязде» начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Анатоль Драздоў. – Каб было зразумела, што адбывалася, узгадаем, што яшчэ да крызісу на 1 жніўня афіцыйны кошт еўра складаў 3301 беларускі рубель, расейскага рубля – каля 90, а на 1 студзеня гэтага года адпаведна 3077 рублёў і каля 77 рублёў. Паколькі асноўная выручка экспарцёраў ідзе ў еўра і расейскіх рублях, атрымлівалася, што беларускае прадпрыемства на кожным еўра губляла 223 рублі і 13 рублёў на расейскай валюце. Да таго ж высокі кошт беларускага рубля адмоўна ўплываў на канкурэнтаздольнасць – нашы тавары станавіліся дарагімі.

Сказанае начальнікам упраўлення інфармацыі Нацбанка – гэта, па сутнасці, прысуд. Любога дырэктара прадпрыемства за такія вынікі, як мінімум, звольнілі б, як максімум – пасадзілі. Але галоўнаму банкіру краіны Пятру Пракаповічу гэта не пагражае. Таму што ён штучна стрымліваў курс не па сваёй ініцыятыве, а па загадзе кіраўніка дзяржавы.

«Ні кроку назад!»

Той урок не пайшоў на карысць. Нагадаем, што ў пачатку студзеня Нацбанк абвесціў пра тое, што рубель з гэтага часу будзе прывязаны да валютнага кошыка, і ваганні курсу ў адносінах да яго на працягу года не перавысяць 5%. І хаця нядаўна калідор быў пашыраны да 10%, улады заяўляюць, што гэта, маўляў, чыста фармальная саступка Міжнароднаму валютнаму фонду, а на практыцы на працягу найбліжэйшых месяцаў рубель застанецца на цяперашнім узроўні.

Такім чынам, палітыка штучнага стрымлівання курсу нацыянальнай валюты працягваецца. У выніку толькі за красавік-чэрвень ЗВР Беларусі скараціліся прыкладна на 1 мільярд 300 мільёнаў даляраў!!!

Амаль паўтары месяцы таму рубель дасягнуў верхняй мяжы прагнознага калідора. І цяпер Нацбанк ізноў утрымлівае курс усімі дасягальнымі для яго сродкамі. З досведу мінулага года ўжо вядомыя наступствы:

1.Далейшае скарачэнне золатавалютных рэзерваў Беларусі;

2.Рост знешняга дзяржаўнага доўгу (для папаўнення ЗВР спатрэбіцца браць новыя замежныя крэдыты);

3.Айчынныя экспарцёры працягнуць несці страты, прычынай якіх з'яўляецца завышаны курс рубля.

Чаму беларускія ўлады ізноў наступаюць на ўжо знаёмыя граблі? Адказам на гэтае пытанне могуць служыць словы намесніка старшыні праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаўра (праўда, сказаныя з іншай нагоды): «Мы ўсе слабыя па сваёй прыродзе і ігнаруем ўсё, чаму навучымся. Усё забудзецца, і гэтыя ж памылкі будуць паўтарацца зноў…»

Гісторыя паўтараецца, і ўжо зразумела, чым яна скончыцца. На падтрыманне курсу рубля будуць выдаткаваныя чарговыя сотні мільёнаў, а то і мільярды даляраў. Але, паколькі золатавалютныя рэзервы краіны зусім не бязмежныя, на нейкім этапе прыйдзецца прымаць рашэнне аб чарговай дэвальвацыі.

А забываюцца памылкі з адной простай прычыны: граблі, на якія наступаюць чыноўнікі, б'юць па ілбе каго заўгодна, толькі не іх саміх. Калі б Аляксандр Лукашэнка, Пётр Пракаповіч і тыя, што з імі, неслі асабістую адказнасць за прафуканыя мільярды, яны б ўсё вельмі добра памяталі.

P.S. Дарэчы, дэвальвацыя – гэта таксама не булка з разынкамі. Яна вядзе да інфляцыі і падрывае давер да нацыянальнай валюты. Так што, зараз краіна вымушаная выбіраць з двух бед: дэвальваваць рубель ці расходваць на падтрыманне курсу мільярды пазыковых даляраў. Максімум, пра што можна марыць – гэта выйсці з сітуацыі, якая склалася, з мінімальнымі стратамі. Такі кошт «мудрай эканамічнай палітыкі» цяперашняга кіраўніцтва Беларусі.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках